Легендарны Эніа Марыконэ прыбыў у Мінск

4 ноября 2013
Беларускія гледачы 8 лістапада змогуць пачуць унікальную праграму з лепшых твораў маэстра.

Эксклюзіў Агенцтва тэленавін у рэпартажы Іны Пілевіч.

У Мінску маэстра чакалі заўтра, але ён раптам пераставіў ноты ў сваіх музычных планах. Кампазітар, аранжыроўшчык і дырыжор Эніа Марыконэ яшчэ ўчора адыграў канцэрт ва ўкраінскай сталіцы, а ўжо сёння ўпершыню прыляцеў у беларускую. Свабодны дзень не толькі для турыстычных прагулак, але і майстар-класа.

Вось такі прэс-рэліз раздалі гасцям майстар-класа Эніа Марыконэ. Ён больш падобны на вытрымкі з падручніка па журналістыцы. Тут не толькі біяграфія маэстра, але і пытанні, якія не трэба задаваць. Так, не трэба цікавіцца, што маэстра любіць есці і піць. А таксама падчас гутаркі трэба пазбягаць слова саўндтрэк. Яго трэба замяніць на слова кампазіцыя.

Гэтую шпаргалку атрымалі студэнты творчых ВНУ - Акадэміі музыкі, Інстытута культуры, Акадэміі мастацтваў. Цікавіліся ў асноўным наконт работы для кіно. Аўтар больш як чатырох соцень саўндтрэкаў Эніа Марыконэ пісаў для Таранціна, Нікалса, Альмадовара. Трыумф прынёс фільм Прафесіянал з Жан-Полем Бельмандо ў галоўнай ролі. Музыка выйшла за рамкі экрана і здабыла самастойную папулярнасць.

Эніа Марыконэ, кампазітар, аранжыроўшчык, дырыжор (Італія): Найбольш складана працаваць з тымі рэжысёрамі, якія не ведаюць, што сказаць кампазітару. У кожнага творцы ёсць свая ідэя і яе складана адгадаць, бо музыка павінна спалучацца з карцінкай на экране.


Рокеры Metallica іграюць каверы яго твораў, а вытворцы мабільных тэлефонаў заказваюць у яго рынгтоны. Эніа Марыконэ прыляцеў у Мінск адсвяткаваць дзень нараджэння. На канцэрце з ёмістай назвай Лепшае за жыццё сустрэне свае 85.

Эніа Марыконэ, кампазітар, аранжыроўшчык, дырыжор (Італія): Усе гэтыя дні ў Мінску я буду працаваць над канцэртам, дзе я дырыжырую. Я вельмі хвалююся, каб усё атрымалася на высокім узроўні. У першую чаргу буду разважаць над партытурай і толькі ў другую - гуляць па горадзе.

У пятніцу пад кіраваннем Марыконэ будуць 200 беларускіх музыкантаў. Пад узмах палачкі італьянскага маэстра сыграе Прэзідэнцкі аркестр і праспяваюць хары Белтэлерадыёкампаніі і Дзяржаўны акадэмічны.