Экстранна ліквідуюць наступствы падтаплення ў замку Радзівілаў у Нясвіжы

12 марта 2018

Зараз зачынена для турыстаў крыпта - пахавальня магнацкага роду, якая знаходзіцца ў падзямеллі касцёла Божага цела. Каб сусветная спадчына ЮНЕСКА не апынулася пад пагрозай, сёння на пацярпелым аб'екце пабывалі спецыялісты. Як ратуюць помнік архітэктуры 16 стагоддзя - наш нацыянальны і культурны набытак.

Замест рызы і чаравікаў - цёплы паляўнічы гарнітур і гумовыя боты. У такім выглядзе Пятра Шарко адразу і не прымеш за каталіцкага святара. Вымушаная мера. Ужо на працягу шасці дзён пробашч парафіі Божага Цела ў Нясвіжы праводзіць па костачку ў вадзе. Падтапіла княжацкую крыпту Радзівілаў, што ў падзямеллі святыні 16 стагоддзя.

У такой сітуацыі апынулася трэцяя па велічыні дынастычная пахавальня ў Еўропе, пасля Бурбонаў і Габсбургаў. У некропалі магнацкага роду – больш за 7 дзясяткаў пахаванняў. Дазвол на стварэнне крыпты князь Мікалай Радзівіл «Сіротка» атрымаў асабіста ў Папы Рымскага – унікальны выпадак па тых часах, калі нябожчыкаў дазволілі не хаваць у зямлю.

Нягледзячы на падтапленне, самі саркафагі не пацярпелі. Труны выратавала тое, што яны знаходзяцца на вось такіх узвышэннях. Некалькі гадоў таму саркафагі паставілі на дубовыя памосты.

Тым не менш, сцены напітваюцца вільгаццю, што дрэнна адбіваецца на самім касцёле Божага цела. Барочны помнік 16 стагоддзя, каштоўнасць якога прызнана міжнароднай грамадскасцю. Святыня занесена ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Але каталіцкай парафіі не належыць. Касцёл знаходзіцца ў камунальнай уласнасці Нясвіжскага раёна. Мясцовыя ўлады ўжо набылі абсталяванне для ліквідацыі наступстваў падтаплення.

Дажджавая, грунтовая ці талая вада. Высвятляць прычыну падтаплення сёння з Мінска ў Нясвіж прыязджала дэлегацыя спецыялістаў. Былі выкліканы эксперты, якія маюць дачыненне да рэстаўрацыі святыні. Аднаўленчыя работы вядуцца яшчэ з 2010 і дарэчы сёлета была завершана гідраізаляцыя аб'екта. Ці магло гэта стаць прычынай падтаплення - пытанне адкрытае.

Ужо ў сераду ў Нясвіж прыбудзе кансультатыўная група. Спецыялісты зробяць заключэнне і дадуць рэкамендацыі па ліквідацыі праблемы. Дарэчы, апошні раз настолькі моцна крыпту затапляла ажно ў 1905-ым. Выратоўвалі сямейны некропаль самі Радзівілы. Тады пацярпелі як саркафагі, так і ўсе дамы ў Нясвіжы.