Экстрэмальныя акрабаты, белыя тыгры і насарог адкрываюць новы сезон Белдзяржцырка

26 сентября 2016

Праграму з гучнай назвай "Трыумфатары арэны" ў Мінску прапануюць прызёры фестываляў у Італіі, Нідэрландах і Кітаі. Захапляльнае мастацтва ацаніла Юлія Токар.

На арэне - трыумфатары! Паветраныя гімнасты, акрабаты, ілюзіяністы, клоўны. І дэбют насарога! З першых хвілін новая праграма Белдзяржцырка захоплівае і зачароўвае.

Тут няма фальшывых эмоцый: здзіўляюцца, смяюцца і захапляюцца як дзеці, так і дарослыя. Цыркавы манеж на дзве гадзіны стаў казачнай ілюзіяй, дзе лётаюць акрабаты на сустрэчных арэлях, пад купалам развіваюцца шаўковыя палотны паветраных гімнастаў, і арбалетныя стрэлы ляцяць проста ў яблычак.

Трыумфатары арэны - гэта артысты - лаўрэаты міжнародных фестываляў у Расіі, Галандыі, Італіі, Кітаі, і ўнікальныя жывёліны, якія, здавалася б, не паддаюцца дрэсіроўцы. Сямігадовы Мафуньян з Афрыкі прыляцеў тыдзень таму. Насарог сваімі цыркавымі трукамі заваяваў гледачоў Украіны і Расіі. Сёння на беларускай сцэне ён выступае ўпершыню.

Свайго трохтоннага сябра Сяргей Несцераў трэніруе ўжо сем гадоў. Да гэтага выступаў з самымі экзатычнымі жывёлінамі: жырафам, зебрай, вярблюдам. Узяць у партнёры насарога было асабістым выклікам. Каб утаймаваць свавольнага Мафоню, прыйшлося звярнуцца да розных хітрыкаў, у тым ліку ласунку яблыкамі, ківі і люцэрнай.

На арэну выйшлі яшчэ адны дэбютанты беларускага цырка - белыя тыгры. Ушасцёх вялікія паласатыя кошкі грацыёзна паказвалі розныя трукі і элементы.