Экспазіцыя ўсяго на некалькі гадзін

10 июля 2015

На такі кароткі тэрмін кітайскі жывапіс у аўтэнтычнай тэхніцы го-хуа паказалі ў Нацыянальным мастацкім музеі. Аснова кожнай з сарака работ - чысты шоўк і рысавая папера. Для беларусаў арганізавалі майстар-клас, пасля чаго кожны мог асабіста пагутарыць з аўтарамі. Ніна Мажэйка не ўпусціла магчымасці і даведалася адзін з сакрэтаў кітайскіх мастакоў.

Чалавек свету малюе горы і ваду. Гэты афіцыйны статус адлюстроўвае не толькі касмапалітызм кітайскага мастака Яа Чжыхуа, але і яго мастацкі ўзровень. Рысавая папера, спецыфічны пах чорнай тушы і ўпэўненыя рухі пэндзалем. Кожны мазок усвядомлены.

Памылкі дапускаюцца, бо піша па памяці. Гэта адна з асаблівасцяў традыцыйнага кітайскага жывапісу. Тры асноўныя сюжэты ўсходняга імпрэсіянізму - горы і ваду, людзей і птушак з кветкамі малююць па памяці, а не з натуры. Яшчэ адно адрозненне: кітайскія майстры падпісваюць свае работы.

Еўрапейцы разглядаюць карціны, кітайцы ж іх чытаюць. Палатно лічыцца скончаным, калі на ім ёсць пячаць аўтара і нейкія паэтычныя або філасофскія радкі, выведзеныя каліграфічна.

Усе карціны пішуцца без папярэдніх эскізаў. Выкарыстоўваюць фарбы натуральнага паходжання з мінеральнай або расліннай сыравіны.

Го Мэйцзун, прафесар Цэнтра міжнародных сувязяў Нацыянальнай акадэміі жывапісу Кітая:

"Усе мастакі, якія жылі ў дынастыі Цынь Мін, а гэта дзве тысячы гадоў таму, выбралі нейкія вядомыя прыказкі, фразеалагізмы і выкарыстоўвалі гэтыя філасофскія радкі ў сваіх работах. Я ж выказваю цяперашнія погляды. Наша жыццё ў гэтых карцінах. Я выкарыстоўваю ў сваіх палотнах не толькі выказванні вялікіх, але і падпісваю іх сам - выказваю свае думкі".

Шчаслівы снег - менавіта так назваў беларускі зімовы краявід кітайскі мастак Аа Тэ, вядомы партрэтамі Янкі Купалы і Якуба Коласа. Касцёл у цэнтры Мінска дапоўніў людзьмі, іх мініяцюрныя формы ўкладваюцца ва ўсходнія каноны: чалавечыя фігуркі падкрэсліваюць грандыёзнасць ландшафтаў.

Чэнь Моу, кіраўнік Кітайскага таварыства вывучэння жывапісу, прафесар Цэнтральнай акадэміі мастацтваў Кітая:

"Кітайскія мастакі прыязджаюць у Беларусь, а беларускія - у Кітай. Гэта дазваляе нам весці культурны дыялог, умацоўваць нашы даўнія адносіны. Для прафесіяналаў такія візіты - вельмі каштоўны абмен вопытам. Мастакі хутка знаходзяць агульную мову, бо ў нас падобныя погляды на мастацтва".

"Падмаскоўныя вечары" на кітайскай мове - яшчэ адзін доказ: культурныя масты пабудаваныя. Хаця і кітайскі народны жывапіс для беларусаў усё яшчэ застаецца экзотыкай. Усходнія сюжэты экспанавалі ўсяго дзве гадзіны.