Экспазіцыя, прысвечаная юбілею Ільі Рэпіна, адкрылася ў галерэі Савіцкага

11 февраля 2020
"Здраўнёва ў асобах і лёсах". Экспазіцыя, прысвечаная юбілею сусветна вядомага мастака Ільі Рэпіна, адкрылася ў галерэі Савіцкага. Гэта вынік пленэра, які прайшоў у мястэчку Здраўнёва, што пад Віцебскам. Жывапісцы працавалі там, дзе калісьці Ілья Рэпін праводзіў кожнае лета і стварыў больш за сорак палотнаў, эскізаў і малюнкаў. Майстар любіў  маляваць мясцовых сялян, а мастакі з Расіі, Беларусі і Украіны адлюстравалі ўжо сучасных жыхароў.  Больш падрабязна Ларыса Гулякевіч.

Шматгранныя вобразы, цікавыя асобы, розныя лёсы… Партрэты нашых суайчыннікаў - жыхароў мястэчка Здраўнёва на Віцебшчыне, якое ведаюць ва ўсім свеце. Гэта маёнтак і месца натхнення вядомага жывапісца Ільі Рэпіна. Вынікі пленэру ў Здраўнёве, у сядзібе Рэпіна пад Віцебскам,  дэманструюцца  на міжнароднай выставе ў галерэі Савіцкага. Яна прысвечана юбілею вялікага мастака.

Выстава "Здраўнёва ў асобах і лёсах" - вынік працы 12 маладых мастакоў з Беларусі, Украіны і Расіі. Пленэр праходзіў мінулым летам непадалёку ад Віцебска, дзе адноўлены пасля пажару музей-маёнтак Ільі Яфімавіча Рэпіна арганізоўвае не толькі экскурсіі для наведвальнікаў, а і пленэры для мастакоў.

На гэты раз канцэпцыяй здраўнёўскага пленэру стала  стварэнне партрэтаў жыхароў навакольных вёсак. Разам з мастакамі працавалі літаратары, якія пісалі эсэ пра людзей, адлюстраваных на палотнах. Так маладыя жывапісцы адзначылі 175-годдзе вялікага мастака. Беларускі мастак Лізавета Пастушэнка выбрала мясцовую дзяўчынку не па выглядзе, а па ўнутранай прыгажосці і цэльнасці асобы. Дзяўчына захапляецца ваеннай тэматыкай, вывучае гісторыю Вялікай Айчыннай, піша вершы. У выніку  атрымаўся рамантычны вобраз юнай гераіні са Здраўнёва. Ацаніць работу мастакоў  можна да 27 лютага ў  галерэі  Міхаіла Савіцкага.