Ларыса Гулякевіч зазірнула і ў майстэрню мастака, дзе нараджаюцца творы з цёплых колераў і ўсходняга тэмпераменту.
"MY WAY" - творчая справаздача Спартака Аруцюняна
Кажуць, што жанчыны на яго палотнах не маюць нацыянальнасці. Гераіні сюжэтаў, якія сімвалізуюць жаноцкасць, пяшчоту і мацярынства, больш падобныя на беларусак з усходнімі рысамі. Гэта таму, што радзімы ў Спартака Аруцюняна дзве: Арменія і Беларусь. Мовай мастацтва ён расказаў пра свой творчы і жыццёвы шлях на экспазіцыі "MY WAY”.Жывапісныя пейзажы Арменіі і Беларусі, каларытныя нацюрморты, творы з армянскага туфа. Больш за 50 работ жывапісу і скульптуры аднаго майстра - Спартака Аруцюняна.
Родам з Арменіі, на Беларусі жыве каля 40 гадоў
Нарадзіўся ў маленькім армянскім мястэчку Егвард Капанскага раёна. Аднак лёс закінуў яго на Беларусь. У 1977 Спартака накіравалі служыць у армію пад Мінск у Мачулішчы. Менавіта там у авіяцыйным палку і заўважылі яго талент як скульптара і прапанавалі зрабіць для Музея славы бюсты 20 Герояў Савецкага Саюза.Тут жа, у Беларусі, знайшоў і сваё каханне, таму і застаўся. Сёння ў сям'і Спартака і Таццяны Аруцюнян 3 дачкі і 4 ўнукі.
У яго жывапісных і скульптурных творах можна ўбачыць не столькі сюжэт, колькі настрой і эмоцыі. Пры дапамозе святла і колеру аўтар напаўняе свае работы сонечным цяплом.
Яго мастацтва - сінтэз армянскай выразнасці і беларускай стрыманасці
Палотны Аруцюняна ўпрыгожваюць галерэі Германіі, Польшчы, Ізраіля і ЗША.Яшчэ адна асаблівая адметнасць у работах беларуска-армянскага мастака – гранат, які падтрымлівае канструкцыю нацюрмортаў, прысутнічае ў пейзажах, дадае ўсходняга каларыту і сімвалізуе жыццё.
Гранат - сімвал Арменіі. І галоўны герой усіх работ Спартака Аруцюняна.













