Экалагічны фестываль сабраў гасцей у Мёрах

16 сентября 2019

Паназіраць за жураўлямі і пачаставацца стравамі з журавін прапанавалі гасцям экалагічнага фестывалю ў Мёрах. На тэрыторыі раёна знаходзіцца найбуйнейшае верхавое балота краіны Ельня, якое славіцца найбагацейшымі запасамі гэтай карыснай ягады. Сезон збору ўжо стартаваў. А галоўныя гулянні разгарнуліся на паўвостраве. На падворках госці каштавалі пачастункі па старажытных мёрскіх рэцэптах. На фестывалі прыз чакаў і лепшага зборшчыка журавін. 

Уладзімір Пашковіч, удзельнік фестывалю: "Кожны падворак прывозіць нешта сваё, роднае. Каб пачаставаць і здзівіць. Закаткі, саленні, пячэнні".

Ігар Кузняцоў, старшыня Мёрскага райвыканкама: "Падстава, каб сустрэцца з роднымі і блізкімі людзьмі. Шмат гасцей у нас прыязджае з Расіі, Латвіі, іншых краін Еўропы. Пляцоўка для людзей, якія прафесійна займаюцца экалагічнымі праблемамі, і для людзей тых, якія ўносяць уклад у развіццё рэгіёна".

Штогод гэтыя маляўнічыя месцы прыцягваюць шэрых жураўлёў. Падчас восеньскай міграцыі праз Ельню пралятаюць больш за 30 000 грацыёзных птушак. Са спецыяльных назіральных пляцовак панаглядаць за жураўлямі змаглі і госці экалагічнага свята.