Ягор Батальёнак - жывапіс

25 августа 2016

Экспазыцыя з лаканічнай назвай адкрылася ў Нацыянальным мастацкім музеі. Больш за сотню калектыўных і з дзясятак персанальных выстаў пабачылі працы мастака. Гэтая - юбілейная, прымеркаваная да 70-годдзя майстра. На вернісажы пабывала Вольга Мядзведзь.

Камерны мастак, які не піша з натуры. Ён робіць замалёўкі, але для больш сур'ёзных палотнаў ідэі збірае ўдумліва. У сваёй творчасці Ягор Батальёнак выкарыстоўвае выключна маленькія памеры для працы, бо на манументальных карцінах не адчувае цэльнасці. Так, самы вялікі твор - метр дваццаць, на выставе адзіны сярод 38. Усе яны адразу з майстэрні і прадстаўляюць постсавецкі перыяд жывапісу. Больш раннія палотны цяпер убачыць складана, амаль усе выкуплены ў прыватныя калекцыі.

У пачатку творчасці ён спрабаваў пісаць партрэты. Але ў малюнках нацыянальных ландшафтаў адчуваў сябе больш свабодна. Хлопчык з вёскі сам вучыўся трымаць пэндзаль. У школе не было ні настаўніка, ні ўрока малявання. З дзяцінства ён практыкаваў на хатніх, бытавых прадметах, ілюстрацыях з кніг і на мясцовых краявідах.

"Райская яблыня" выпадкова стала жамчужынай выставы. Дрэва з маленькімі яблыкамі побач з хлявом і селянінам падказваюць, што месца дзеяння не за мяжой, а менавіта у Беларусі. Усе нацыянальная краявіды на выставе выкананы ў пастэльных колерах выключна алеем.

Рамантычныя пейзажы і нацюрморты мастака папаўняюць не толькі нацыянальныя фонды. Яны таксама захоўваюцца ў адным музеі ў Польшчы, двух у Расіі і трох у Злучаных Штатах Амерыкі.

Нягледзячы на тое, што працы Батальёнка ёсць амаль ва ўсіх беларускіх скарбніцах, Нацыянальны мастацкі музей можа пахваліцца ўсяго адной акварэльнай карцінай. Плануецца, што частка выставы папоўніць фондасховішча экспазіцыйнага цэнтра.