Яго называюць рускім Сальвадорам Далі

19 марта 2014

Яго называюць рускім Сальвадорам Далі, рыцарам мастацтваў і жывой легендай. Нікас Сафронаў каля двух месяцаў будзе прэзентаваць сваю творчасць у беларускай сталіцы. Персанальная выстава заслужанага мастака Расійскай Федэрацыі адкрылася сёння ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага.



Колькі каштуе карціна моднага мастака, і чым ён зоймецца ў Мінску - у рэпартажы Іны Пілевіч.


Алігарх з тварам сабакі, бальзакаўская дама з галавой зграбнай кошкі, філосаф з абліччам сокала. Такім чынам Нікас Сафронаў на сваіх палотнах ілюструе разнастайнасць чалавечых характараў. Гэты рускі Сальвадор Далі дазваляе сабе больш, чым адважваюцца іншыя. Напісаў партрэты бамонду як расійскага, так і замежнага. Галкіна з Пугачовай намаляваў каля знакамітага замка, а Сафі Ларэн пасадзіў у гару.


Руфат Ахмедаў, арт-дырэктар выставы Нікаса Сафронава ў г. Мінску: Партрэты дзеляцца на некалькі серый. Партрэты з серыі Рака часу. Партрэты класічныя. У асноўным яны пішуцца з натуры. У якасці выключэння Нікас піша партрэты з фатаграфіі і прыдумвае нейкі вобраз.


Партрэт, нацюрморт, краявід. Усяго сотня разнажанравых палотнаў. У сталічную галерэю Міхаіла Савіцкага прыбылі карціны, напісаныя Нікасам ад пачатку 90-х да цяперашняга часу. Асобнае месца ў экспазыцыі займае алімпійская тэма. Некаторыя з гэтых работ хутка адправяцца ў прыватныя калекцыі. Палотны майстра ў розны час набывалі Мікіта Міхалкоў, П'ер Рышар, Рычард Гір.


На палатне мастак падпісваецца па-лацінску, з тыльнага боку пакідае гербавую пячатку. З ростам папулярнасці і вядомасці яго імя ўсё больш ахутваецца міфамі. Напрыклад, інфармацыя пра тое, што фірменны стыль мастака дрымвіжн занеслі ў Кнігу рэкордаў Гінеса, аказалася чарговай легендай. Нікас Сафронаў проста набыў свой почырк, спрабуючы паказаць, што бачыць штодня на мяжы сну і няспання.


Руфат Ахмедаў, арт-дырэктар выставы Нікаса Сафронава ў г. Мінску: Тэхніка накладання фарбаў на палатно. Некаторыя гавораць пра гэтую карціну, што спачатку была карціна паўнацэнная. Потым ледзь не наждачнай знімаюць пласт фарбы.


Вернісаж у чаканні аўтара, хаця публіцы ўжо дазволена ацэньваць экспазыцыю. Нікас Сафронаў прыедзе ў Мінск толькі праз тыдзень. Арт-дырэктар мастака ўжо набыў для яго білеты на спектакль у Вялікі тэатр Беларусі і экскурсійны тур па замках нашай краіны. Таксама рускага Сальвадора Далі чакаюць студэнты творчых ВНУ і выхаванцы дзіцячага дома. Для іх мастак дасць некалькі майстар-класаў. Пакуль жа Нікас працуе ў Маскве. Завяршае карціны, героі якіх - беларусы.


У Мінску карціны Нікаса Сафронава можна не толькі ўбачыць, але і набыць. Мінімальная сума палатна вымяраецца ў доларах і налічвае чатыры нулі. У адмысловых знатакоў ёсць шанц стаць натуршчыкам майстра, заказаўшы ў яго ўласны партрэт.