Адзіная ў Беларусі трохвугольная царква атрымала другое жыццё.

19 марта 2018

Унікальны помнік 19 стагоддзя знаходзіцца ў Баранавіцкім раёне, у вёсцы Вялікая Сваротва. Чаму храм мае такую незвычайную форму – да гэтага часу невядома. Царква некалькі разоў перабудоўвалася, гарэла і магла зусім знікнуць. Але неабыякавыя людзі ажывілі святыню. Гісторыя адраджэння храма - у Вікторыі Патоні.

Сёння тут праходзяць богаслужэнні, чутныя спевы і малітвы. Але доўгіх 66 гадоў храм у вёсцы Вялікая Сваротва маўчаў. Першапачаткова ён быў уніяцкім, затым праваслаўным. І мог бы знікнуць. Але свяшчэннікі, мецэнаты і жыхары не далі загінуць святыні.

Гісторыя храма цікавая і таямнічая. У 1747 годзе яго з дрэва пабудаваў пісарчук Вялікага Княства Літоўскага Мікалай Аўсяны. Калі землі адышлі да новых уладальнікаў - роду Незабытоўскіх, царква захавала форму, але стала больш манументальнай. Падчас Вялікай Айчыннай вайны гарэла.

Марыя Крэменеўская жыве па суседстве з храмам. На яе вачах ён быў у запусценні і ажываў. Гаворыць, хто не жадаў пакідаць паўразбураную святыню, дык гэта буслы.

Храм быў пабудаваны з бутавага каменя. Прычым, такой якасці, што падмурак і сцены захаваліся да гэтага часу. Ім амаль 200 гадоў! Таксама дзякуючы ўспамінам мясцовых жыхароў, працы ў архівах з фатаграфіямі і чарцяжамі, атрымалася аднавіць царкву ў першапачатковым выглядзе, такой, якой яна была задумана ў пачатку 19 стагоддзя.

Дабудавалі верхнюю частку, дах і купалы. Рэстаўрацыя доўжылася 4 гады. У 2009 храм ізноў адкрыў дзверы для вернікаў. Цяперашні настаяцель айцец Віталь сам у рэнесансе святыні не ўдзельнічаў, але яе ўнікальнасці не адмаўляе.

айцец Віталь Вабішчэвіч, настаяцель Свята-Траецкай царквы ў вёсцы Вялікая Сваротва: "Што самага ўнікальнага ў гэтым храме? Тое, што было на тыя часы тры канфесіі - праваслаўныя, католікі і ўніяты. І ў цэнтры храма стаяў пасад трохвугольны з трыма абразамі. І прыходзіла кожная канфесія са свайго боку".

Якім храм быў усярэдзіне, невядома. У абноўленай царкве ўсё па праваслаўных канонах. Атрымалася вярнуць храму і пакуль адзіны даваенны абраз. Існуе і некалькі версій, чаму храм быў тровугольным. Адны звязваюць гэта з масонамі, другія - са святой Тройцай, трэція - з уплывам еўрапейскай культуры.

Валерый Мароз, гісторык: "Цэрквы у Сваротве былі падпарадкаваныя базыліянскім мітрапалітам. Як вядома, яны пасылалі сваіх архітэктараў вучыцца ў Еўропу. Архітэктары былі выдатна адукаваныя. З’явіўся інтарэс да трохвугольных храмаў ў Францыі ў той час. І гэты інтарэс перадаўся і нам".

Аналагічныя храмы захаваліся ў Аўстрыі, Чэхіі, Літве. У Беларусі - гэта адзіны помнік гісторыка-культурнай спадчыны. А каб убачыць нетрадыцыйную трохвугольную царкву, у маленькую вёску прыязджаюць паломнікі і турысты.