Падвойны юбілей сёння святкуе Уладзімір Пракапцоў

8 августа 2018

Ахутаны магіяй лічбы 8! Падвойны юбілей сёння святкуе вядомы, дзякуючы свайму індывідуальнаму стылю, Уладзімір Пракапцоў.

Роўна 65 гадоў таму на свет з'явіўся мастак, які вось ужо 20 гадоў узначальвае Нацыянальны мастацкі музей Беларусі. Разам з Пракапцовым храм твораў высокага мастацтва перажывае эпоху Адраджэння. Калекцыя ўжо дасягнула прыкладна 30 тысяч шэдэўраў, але экспануецца толькі 4 працэнты.

Гэту праблему вырашыць самы маштабны і грандыёзны праект - музейны квартал, які аб'яднае адразу некалькі будынкаў па перыметры вуліц Кірава, Леніна і Маркса.

Сёння ў 8 раніцы Уладзімір Пракапцоў адкрыў персанальны вернісаж. Акрамя перфоманса з нагоды дня нараджэння ў пераходнай галерэі музея - аўтарская экспазіцыя не дырэктара, а мастака Пракапцова. Краявіды і нацюрморты прысвечаныя Году малой Радзімы і вёсцы Жгунская Буда Добрушскага раёна, адкуль жывапісец родам. Уладзіміра Пракапцова віншуе і Белтэлерадыёкампанія. Сёння на тэлеканале "Беларусь 3" у 22:40 спецыяльная імянная праграма "Струны прасторы і часу".