Двайны юбілей сёння адзначае галоўны хормайстар Вялікага тэатра Беларусі

27 августа 2016

Народнай артыстцы 65 гадоў, 40 з якіх яна служыць нацыянальнай оперы. Далікатная лэдзі адрадзіла беларускую школу вакалу - ёй па сілах сабраць калектыў любога маштабу. І хоць сама артыстка не выкладае, з яе падачы ўдзельнікі опернай трупы прабіваюцца з хору ў салісты. На працоўным месцы кіраўніка вакальнай роты заспела Вольга Мядзведзь.

Глядач не ўбачыць народную артыстку на сцэне, але яе намаганні адлюстроўваюцца ў шматлікіх тытулах хору, якім яна кіруе. У руках Ніны Ламановіч жывы арганізм з 70 чалавек, да кожнага свой падыход і методыка працы. Штодзень на падмостках Вялікага – новы спектакль, у палове рэпертуару задзейнічаны хор. Артыст такога калектыву павінен мець максімальны вакальны дыяпазон і валодаць крайнімі рэгістрамі. Часам такія магчымасці не пад сілу нават вядучым салістам.

Дзяцінства Ніна Ламановіч правяла на чамаданах. Сям'я ваеннага пастаянна мяняла месца жыхарства. Яна ніколі не планавала спяваць, але ў 6 гадоў дзякуючы бацькам яна сустрэлася са сваім першым піяніна, а з 7 паступіла ў музычную школу.

Яна марыла стаць урачом. Аперацыі на рыбах і насякомых вельмі захаплялі юную дачку вайскоўца. Але пропускі школьных заняткаў па хіміі з-за рэпетыцый вакальнага ансамблю ператварылі мэту ў мару. Замест белага халата ў Ніны Ламановіч тэатральны ўбор.

Вялікі сам абраў Ніну Ламановіч. Яна стала адзінай студэнткай народнага артыста Беларусі, на той момант галоўнага хормайстра тэатра оперы і балета Аляксея Кагадзеева. З таго часу яна кожны дзень сядзела за кулісамі і ўбірала ў сябе рэпетыцыйны працэс. А на трэцім курсе стала асістэнтам свайго знакамітага настаўніка ў пастаноўцы "Лаэнгрын" Вагнера.

Больш за трыццаць спектакляў, і ўсе на мове арыгінала. Для развучвання аднаго твора часам патрэбныя гады. У калектыве Ніны Ламановіч строгая дысцыпліна, але сваю вакальную роту яна беражліва апякуе. Калектыву важна не перанапружвацца. Рэпертуар спецыяльна плануюць так, каб складаныя спектаклі не ішлі запар, і ў артыстаў быў час на паўзу.

Высокі ўзровень вакальная трупа Вялікага дэманструе на вядучых оперных пляцоўках свету. Літаральна днямі калектыў вярнуўся з Эстоніі. Беларускі «Яўген Анегін» на міжнародным фестывалі ў Таліне здзівіў публіку, артыстаў доўгі час не адпускалі са сцэны. Хормайстар, як і заўсёды, засталася ў цені. Пад акампанемент авацый.