Палацы і замкі - сапраўдныя жамчужыны беларускага краю

16 июня 2016

Напярэдадні важнай палітычнай падзеі Агенцтва тэленавін працягвае серыю рэпартажаў аб выніках пяцігодкі. Сёння размова пойдзе аб сапраўдных жамчужынах беларускага краю - палацах і замках. Калісьці іх было больш за сотню. Да нашых дзён ацалелі толькі дзясяткі. Захаваць і перадаць нашчадкам. Такую задачу на 4-м Усебеларускім народным сходзе паставіў Кіраўнік дзяржавы. Аб захаванні спадчыны і прыярытэтных будоўлях краіны - Ніна Мажэйка.

Руіны неагатычнага Косаўскага замка сталі дэкарацыямі да містычнай стужкі нацыянальнай кінастудыі паводле кнігі беларускага класіка XIX стагоддзя Яна Баршчэўскага. На кадрах бачна, у якім стане знаходзіўся палац Пуслоўскіх яшчэ 22 гады таму - адны сцены.

А гэта ўжо сучасны замак. Дакладна, аб'ект дзяржаўнага праекта «Рэстаўрацыя і прыстасаванне». Сёння яго ўжо можна паказваць турыстам. Гэта будоўля - адна з шасці прыярытэтных на Брэстчыне - увасабленне культурна-гістарычнай спадчыны, таму і да яе аднаўлення падышлі грунтоўна. Не выкарыстоўваюць нават звычайнага цэменту. Раствор робяць па старажытных рэцэптах. Ніводнай аўтэнтычнай цагліны не выкінулі - пусцілі на фасад. А стральчатым вокнам - драўляныя рамы.

Калісьці тут было больш за 130 пакояў. Прычым кожны ў сваёй каларыстыцы. Інтэр'ерам займаўся італьянскі мастак Марконі. У сучасным праекце памяшканням нададуць першапачатковы выгляд, напрыклад, на сценах намалююць фрэскі, фрагменты якіх знайшлі падчас першай чаргі рэстаўрацыі.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны косаўскую жамчужыну падпалілі. Перакрыцці абваліліся ўнутр. Будаўнікі выносілі тоны смецця і пяску з падвала. Сямейны палац ператвораць у шматфункцыянальны культурна-гістарычны комплекс. Гіпатэтычныя інтэр'еры будынка дэманструе навуковы кіраўнік. Тут будзе і гасцініца, і рэстаран, канферэнц-зала, а таксама бальная ў адным стылі. Адновяць і парк.

Маёнтак сярэдняй шляхты стаіць ля падножжа замкавага п'едэстала. Вандалін Пуслоўскі асабліва ганарыўся такім суседствам. У 44-м аднапавярховы драўляны дом Касцюшак-Сіхновіцкіх згарэў. Застаўся толькі фундамент. Сядзібу XVIII стагоддзя аднавілі па літаграфіях. У мінулым годзе музей наведалі больш за 23 тысячы турыстаў з розных краін свету. Такімі тэмпамі Івацэвічскі раён становіцца гістарычна рэнтабельным.

Непадалёк ад Косава - палац у Ружанах. Сёння ён уваходзіць у дзяржаўны спіс 38-мі. У праграму «Замкі Беларусі».

Яны складаюць не толькі нацыянальную, але і сусветную спадчыну. Так Мір і Нясвіж уключаны ў скарбніцу ЮНЕСКА. Для турыстаў Мірскі фарпост перастаў быць непрыступнай крэпасцю яшчэ ў 2010.

У адзін год з 4-м народным веча. Тады Прэзідэнт закрануў тэму аднаўлення і захавання культурна-гістарычных брэндаў.

Фамільная рэзідэнцыя Радзівілаў - адзін з такіх. Сёння замак - топавы турыстычны напрамак. Гістарычная спадчына - тут і сцены гавораць.

Імідж рэгіёна павысяць турыстычныя кластары. Патокі турыстаў будуць размяркоўваць, каб зрабіць больш разнастайнымі ўражанні гасцей. Тым больш замкавыя вандроўкі - частка культурнага паломніцтва па Беларусі. Тое, што называем спадчынай, тое, што робіць нас народам.