Палацавы комплекс Радзівілаў з 300-гадовай гісторыяй разбураецца

21 апреля 2018

Гістарычныя будынкі з сярэдзіны мінулага стагоддзя застаюцца нікому не патрэбнымі. Як вынік - поўнасцю страчаны паўночны флігель, ад паўднёвага засталіся толькі сцены. А некалькі тыдняў таму абвалілася трыумфальная арка, праз якую праходзіла мясцовая дарога. Ці мае перспектыву гістарычны аб’ект, высвятляў Юрый Карняловіч.

Былы палацавы комплекс Радзівілаў у вёсцы ЖырмУны вядомы далёка за межамі Лідскага раёна. У XVIII стагоддзі прадстаўнікі славутага магнацкага роду выбралі гэтае месца для будаўніцтва сваёй рэзідэнцыі. Спачатку была ўзведзена трыумфальная арка ці ўязная брама, затым з’явіліся два флігелі - паўночны і паўднёвы, а таксама дамы для слуг. На жаль, лёс унікальнай сядзібы аказаўся незайздросным.

Пры гэтым яшчэ ў сярэдзіне ХХ стагоддзя паўднёвы флігель выкарыстоўваўся як інтэрнат для работнікаў калгаса. Мясцовая жыхарка Бярнарда Догель добра памятае тыя часы. Яна нарадзілася ў панскім будынку і ўсё дзяцінства правяла на тэрыторыі сядзібы. Па яе словах, заняпад прыйшоў у маёнтак адразу пасля таго, як выселілі апошняга кватаранта. Будынкі аказаліся нікому не патрэбнымі і пачалі разбурацца.

Сёння сітуацыя з былым палацавым комплексам Радзівілаў набыла пагражальны характар. Сцены, якія яшчэ засталіся ў паўднёвым флігелі, вось-вось разваляцца, рухнулі перакрыцці паміж першым і другім паверхамі. Развальваецца і ўязная брама, праз якую штодзень ходзяць мясцовыя жыхары.

Чарговае разбурэнне ўнікальнага аб’екта здарылася літаральна некалькі тыдняў таму. Паўднёвая частка трыумфальнай аркі абвалілася акурат на дарогу. Здарылася гэта ноччу, таму ніхто не пацярпеў.

Спыніць далейшае разбурэнне гістарычных аб’ектаў мясцовым уладам не пад сілу. Адзінае, што змаглі зрабіць у сельскім савеце, - толькі загарадзіць небяспечнае месца і пракласці іншую дарогу ў абход брамы.

Зрабіць штосьці большае для захавання палацавага комплексу нельга, сцвярджаюць спецыялісты. Будынкі хоць і з’яўляюцца гістарычнай спадчынай мясцовага значэння, аднак у спіс культурных каштоўнасцяў Беларусі сядзіба не ўнесена. А значыць і фінансавай падтрымкі не будзе.

Далейшы лёс гістарычнай сядзібы застаецца нявырашаным. Калі не прыняць экстранных мер, сцвярджаюць мясцовыя жыхары, праз год-два ад Радзівілаўскага маёнтка застануцца толькі кучы цэглы.