Дуэт VAL на "Еўрабачанні-2020" у Нідэрландах праспявае на беларускай мове

1 марта 2020
Упадабаным артыстам іх прыхільнікі дораць кветкі круглы год, незалежна ад сезона. Своеасаблівы мільён пунсовых руж у выглядзе пуцёўкі ў Нідэрланды на "Еўрабачанне" разыгралі на тыдні ў сценах "Беларусьфільма".

Было няпроста. Выбар складаўся з моцных 12 фіналістаў. Калі дакладна - васьмі салістак, двух дуэтаў, квартэта і вакаліста. Свой топ фаварытаў у прамым эфіры склалі гледачы і журы, сярод  іх  упершыню  міжнародныя эксперты.

Больш за ўсё балаў, а з імі і сэрца адбору, у праекта VAL. Гэта вакалістка Валерыя Грыбусава і саўнд-прадзюсар Уладзіслаў Пашкевіч.
Кампазіцыя "Да  відна" - другая за гісторыю нашага ўдзелу ў конкурсе песня на беларускай мове.
Бекстэйдж з новай пляцоўкі нацыянальнага адбору ў Дар'і Тарасавай.

З галоўнага студыйнага павільёна медыяхолдынга ў "Беларусьфільм"

Пабудуем еўравізійны маршрут фіналу нацыянальнага адбору - 2020. Адлегласць ад Макаёнка, 9 да пункта Б - 650 метраў. А гэта ўсяго тры хвіліны хады або 930 крокаў. Аптымальная лагістыка перамяшчэння для каманды, якая стварае шоу. Інтэлект трансляцыі прыпаркаваны прама ля здымачнага павільёна. Перасовачная тэлевізійная станцыя "Еўфрасіння" не першы сезон раздае карцінку гала-канцэрта на экраны гледачоў.
Праз аб'ектывы 13 камер, сігнал якіх са здымачнай пляцоўкі лавіла ПТС, гледачы не прапусцілі ніводнай мізансцэны нацадбору. 

Іван Эйсмант, Старшыня Белтэлерадыёкампаніі: "Мы пераехалі ў новую студыю, і для нас гэта такі не вялікі пасля "Еўрабачання", але новы выклік. Мы хацелі зрабіць больш глабальнае шоу. Не ведаю, атрымалася ці не, хай гледачы скажуць".
 
За кадрам трансляцыі  мікст-зона.Лакацыя,  якая схавана ад вачэй тэлегледачоў, але ўплывае на выніковую карцінку. Тут фіналістаў падтрымлівалі  фанаты. А ў грымёрках (дарэчы, індывідуальных,  пад кожнага патэнцыяльнага дэлегата) адказвалі за візуал. 
Пакуль адны ставілі на  выгляд, другія рабілі гучныя заявы: 
Napoli, фіналістка нацыянальнага адбору на "Еўрабачанне-2020": "Мы выкарысталі элементы псіхадэліі ў  нашым нумары. Танцоры цалкам узаемадзейнічаюць са мной. Мы як адзіная цэлая істота, якая будзе перамяшчацца па сцэне". 
Былі і фіналісты, якія вырашылі пачысціць карму прама перад гала-канцэртам. Спойлер: нездарма. 
VAL, прадстаўнікі Беларусі на "Еўрабачанні-2020": "У нас ёсць рытуал такі. Гарыць пэўная парода дрэва, якое прыемна пахне. Мы супакойваем свой розум, ловім дзен". 

Фіналісты вырашылі загіпнатызаваць гледачоў песень без слоў і запрасіць з сабой на сцэну якуцкую шаманку 

Здзівіў і трэк-ліст нацыянальнага адбору. Англійская і руская некаторым здалася занадта банальнай. Пэўна таму фіналісты вырашылі загіпнатызаваць гледачоў песень без слоў і запрасіць з сабою на сцэну якуцкую шаманку. 
На адборы ўсе сродкі добрыя. Тыя,  каму было не дастаткова  дзвюх сцэн і LED-экранаў з відэакантэнтам, захапілі з сабою канапу і паўтараметровы подыум. Дазволілі сёлета і трохі піратэхнікі - бяспечны, халодны агонь. 

Глеб Шульман, генеральны прадзюсар Генеральнага прадзюсарскага цэнтра Белтэлерадыёкампаніі: "Мы імкнёмся стварыць умовы для нашых выканаўцаў як мага лепш. Выконваем усе міжнародныя стандарты. У нас гледачоў каля тысячы чалавек. Але і каманда, якая гэта робіць, крыху менш, але можна суаднесці гэтыя лічбы. Таму што частка людзей знаходзіцца менавіта тут, частка займалася падрыхтоўчай работай, якая вялася на працягу шматлікіх месяцаў. Вялізная колькасць людзей, якія манціравалі  гукавое, светлавое абсталяванне, будавалі сцэну".

Усе працэсы адбору аўтаматызаваныя. Уплыў чалавека мінімальны і на сістэму падліку галасоў

У пацверджанне - сакрэтны пакой фіналу нацадбору. Менавіта сюды сцякаліся меркаванні тэлегледачоў і членаў журы. Пры дапамозе двух сервераў ацэнкі ператвараліся ў 12-бальную сістэму і з'явіліся на экранах. 
Упэўніць беларускіх суддзяў і зачапіць  журы міжнароднае. На гэты раз гала-шоу сабрала амбасадораў "Еўрабачання" з Ізраіля, Балгарыі і Нарвегіі. Эксперты знаходзіліся прама на сцэне адбору. І пасля адкрыцця ліній для галасаванняў разабралі выступленні фіналістаў па нотах і далі свае рэкамендацыі. 

Талі Эшколі, член журы фіналу нацыянальнага адбору на "Еўрабачанне-2020": "Шоу выдатнае. Вельмі добра спрадзюсіравана. Нам было складана выбраць, хто прадставіць вашу краіну на "Еўрабачанні". Таму што вакалісты вельмі добрыя, як і іх песні. І калі мы думалі, хто ж той самы спявак, якая песня лепшая, мы звярталі ўвагу на голас, кампазіцыю і перфоманс. Усе гэтыя пункты важныя на "Еўрабачанні".
 

Падняліся на сцэну апошнімі і забралі статуэтку адбору

Трэк з запамінальным прыпевам, аб тым, што адбываецца да світанку, ад першых нот да фінальнага майстарынгу VAL зводзілі самі. Электронны праект Валерыі Грыбусавай і саўнд-прадзюсара Уладзіслава Пашкевіча ўзяў 20 балаў з 24 магчымых. Беларускамоўную "Да відна", на правах пераможцаў, выканалі на біс. 
Для VAL - гэта дэбют у  нацадборы і першая песня на беларускай. Выбар вакалістаў ацаніла і пераможца "Еўрабачання" 2016 года Джамала. Настаўніца  Валерыі ў праекце "Голас країни". 

Уільям Лі Адамс, член журы фіналу нацыянальнага адбору на "Еўрабачанне-2020":  "Я мяняў сваё рашэнне некалькі разоў і я бачыў, як журы вакол мяне таксама шмат думала. Было шмат годных выступленняў і, я  думаю, выбар зроблены вельмі добры. Вельмі сучасны. Гучанне 2020-га. Гэта вельмі важна для Заходняй Еўропы, для песні,  якую пачуюць людзі. Беларуская мова надасць свой каларыт. Я люблю Наві Бэнд. І мне здаецца, гэта правільны меседж. Беларусь павінна ганарыцца тым, што праспявае на сваёй мове".
 

2 месяцы на падрыхтоўку - і наш дуэт загучыць у міжнародным эфіры

VAL ужо пачынаюць працаваць з камандай Белтэлерадыёкампаніі над дэталёвай прапрацоўкай нумара. Разам з фаварытамі букмекераў , дэлегаты паднімуцца на еўравізійную сцэну ў першай частцы першага паўфіналу. Падпяваць "Да відна" нашай дэлегацыі будзем 12 мая.