Дуэт акардэаністаў - Міхаіла і Сяргея Вяргейчыкаў - пакарае падмосткі міжнародных сцэн

12 февраля 2019

Дуэт акардэаністаў - братоў Міхаіла і Сяргея Вяргейчыкаў - пакарае падмосткі міжнародных сцэн Разам яны атрымалі 8 тытулаў на замежных і рэспубліканскіх музычных пляцоўках. У дуэце браты выступаюць тры гады. А першы акардэон у сям’і з’явіўся 10 гадоў таму - атрымалі ў спадчыну ад бабулі. З віртуозамі пазнаёмілася Наталля Кезік.

Аднаго позірку дастаткова, каб сінхронна пачаць раскацістую мелодыю. Браты Вяргейчыкі - Сяргей і Міхаіл - вось так, у дуэце, насупраць адзін аднаго іграюць на акардэоне тры гады. За гэты час на дваіх заваявалі 8 тытулаў - не толькі на беларускіх, але і на міжнародных сцэнах.

Першы акардэон сям’і Вяргейчыкаў дастаўся ад бабулі. Спачатку інструментам зацікавіўся старэйшы Міхаіл. Малодшы брат Сяргей на працягу года прыглядаўся да нот і вялікага акардэона. Складана было не толькі асвоіць акорды, але і ўтрымаць інструмент у дзіцячых руках.

Зараз кожны дзень братоў-музыкантаў распісаны па хвілінах. Юнакі вучацца ў гімназіі, кожны дзень займаюцца ў музычнай школе. Ідэя стварыць дуэт акардэаністаў належыць настаўніцы Жанне Шаптуновай. Неверагодны поспех педагог больш чым з трыццацігадовым стажам прадбачыла адразу.

Музычная школа мастацтваў № 2 ў Мінску вось ужо амаль 70 гадоў адкрывае вучням мілагучны свет музыкі. Нотную грамату штогод тут вывучаюць больш за 800 вучняў. І прыносяць узнагароды роднай школе. Летась у арсенал маленькіх музыкантаў трапілі паўсотні ўзнагарод - гарадскіх, рэспубліканскіх і міжнародных.

Больш за ўсё братам Вяргейчыкам падабаецца выконваць творы Баха, Бетховена і Чайкоўскага.

Разам з тым, не менш ахвотна развучваюць і сучасныя папулярныя мелодыі. А сакрэт поспеху ў іх адзін на дваіх - позірк-падказка і позірк-натхненне ад роднага брата.