Старажытная царква выстаяла перад радыяцыяй і пераехала ў абласны цэнтр

27 апреля 2019

Унікальная гісторыя ў летапісе Гомельскай вобласці. Старажытная царква выстаяла перад радыяцыяй і нават змяніла прапіску. У адной з адселеных вёсак насуперак навуковым законам храм-помнік драўлянага дойлідства застаўся чыстым. Пасля даследавання спецыялістамі будынак вырашылі перанесці ў абласны цэнтр. Унікальная аперацыя доўжылася 6 гадоў. Дзякуючы ёй у 110-гадовай царкве па-ранейшаму гучаць песнапенні. Гісторыя цуду - у Ганны Кавалёвай.

33 гады таму гэтая царква была сведкам наступстваў чарнобыльскай трагедыі. Храм яшчэ ў пачатку мінулага стагоддзя пабудавалі ў вёсцы Вылева. Калі здарылася аварыя, пасяленне спыніла сваё існаванне. Дамы пахавалі. Але руйнаваць царкву ніхто не асмеліўся.

Акрамя як цудам з'яву не называлі. Мясцовы святар пакідаць храм адмовіўся. Паступова гісторыя пра чыстую святыню даляцела да абласнога цэнтра, і людзі вырашылі яе выратаваць. 

Тады ў Савет Міністраў з Гомеля паступіў незвычайны зварот: даць дазвол на перанос старажытнай царквы з зоны адсялення ў Гомель. Пачаліся даследаванні. І нарэшце, навуковы вердыкт: храм сапраўды чысты, перанос дазваляецца.

Архітэктары распрацавалі план. І гомельскія ратавальнікі ўзяліся за перанос. Пад'ёмнікі, краны, грузавы транспарт. Аперацыя па пераносе была нетыповая. У руках супрацоўнікаў МНС быў лёс не проста святыні, але помніка драўлянага беларускага дойлідства.

Сярод тых, хто дакрануўся да гістарычнай падзеі, - Алег Сідарэнка. Тады працаваў намеснікам начальніка Інстытута МНС. Успамінаючы той перыяд, прызнаецца, што кіраваліся не толькі службовым абавязкам, але і ўнутраным жаданнем выратаваць храм. Зараз са сваёй сям'ёй ён тут часты госць. 

Храм 1909 года. Перажыў Першую сусветную і Вялікую Айчынную войны. Таму адначасова з пераносам правялі і яго рэстаўрацыю. Замянілі 30 працэнтаў збудавання. Але ўнікальныя рэчы: каваныя элементы і першапачатковы роспіс - захавалі. Увогуле, тое, што храм ўдалося перанесці, тут таксама лічаць цудам.

Зараз на царкоўнай тэрыторыі ўвекавечылі назвы адселеных вёсак і імёны ліквідатараў: тут стварылі міні-мемарыял. Унікальнасць храма яшчэ і ў тым, што ў Гомелі толькі тут можна ўбачыць абраз Божай Маці Чарнобыльскай. Як толькі ікону даставілі з Украіны, да яе не спыняецца паломніцтва.