Старажытны Полацк стаў цэнтрам духоўных урачыстасцяў

5 июня 2016

Сёння дзень памяці святой Еўфрасінні - першай беларускай жанчыны, прылічанай да ліку святых. Нябесную заступніцу Беларусі шануюць каталікі і праваслаўныя. Імем Еўфрасінні Полацкай названыя храмы не толькі ў нас у краіне, але і ў ЗША і Канадзе. І сёння той рэдкі дзень, калі ў Полацкай Сафіі праходзіць набажэнства. Бо менавіта тут у сценах Сафійскага сабора жыла юная манашка Еўфрасіння і адгэтуль адправілася на месца, дзе заснавала Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр - адзін з самых вядомых манастыроў свету. Да нашых дзён захавалася белая цэркаўка, пабудаваная па заказе ігуменні Еўфрасінні манахам-дойлідам Іаанам, там і захоўваюцца мошчы прападобнай. У дзень памяці святой па вуліцах Полацка прайшоў вялікі хрэсны ход.