Старажытны Нясвіж жыве ў рытме трохдзённага музычнага свята

27 июня 2015

Тут стартавалі "Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў", якія сталі ўжо традыцыйнымі. Свята класікі пачалося з Фарнага касцёла і з прэм'еры. Зводны хор Вялікага тэатра агучыў партытуры Антоніа Радзівіла і Эдварда Гердо. Фэст падрыхтаваў яшчэ некалькі камерных канцэртаў і вузкафарматных творчых сустрэч. Галоўныя ж падзеі форуму разгортваюцца ўвечары на пляцоўцы ва ўнутраным панадворку Радзівілаўскага палаца. Напярэдадні тут былі прапанаваныя "Дзягілеўскія сезоны" - два балеты: "Жар-птушка" Стравінскага і "Шахеразада" Рымскага-Корсакава.

На фэсце традыцыйна аншлаг. Глядзельная зала гэтага года разлічана больш чым на паўтары тысячы месцаў. У Нясвіж прыехала трупа з 500 артыстаў. Сёння на фэсце дзень оперы і прэм'ера "Паяцаў" Леанкавала. А заўтра свята завершыцца гала-канцэртам у гонар 70-годдзя Вялікай Перамогі.