Старажытныя кнігі прапанавалі на выставе ў Нацыянальным мастацкім музеі

30 сентября 2017

Нацыянальны мастацкі музей - гэта не толькі жывапіс, скульптура і графіка. Фонды ўстановы захоўваюць і калекцыю старажытных кніг. Частку з іх прапанавалі на выставе "З кніжнай скарбніцы". Яна прымеркаваная да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Алена Борматава аб шэдэўрах нацыянальнай сакральнай літаратуры.

Дзевяць фаліянтаў. Камерная кніжная экспазіцыя складаецца з выданняў, выпушчаных у друкарнях Вялікага Княства Літоўскага. Самае старажытнае - напрастольнае Евангелле 1600 года. Друкавалі там жа, дзе і адну з першых канстытуцый - Статут ВКЛ - у віленскай друкарні братоў Мамонічаў.

На экспазіцыйную вітрыну Евангелле трапіла адразу пасля рэстаўратараў. Аднаўлялі не толькі кожны аркуш кнігі, але і вокладку. Справа ў тым, што падчас папярэдняй рэстаўрацыі, у 42-ім, святыню памясцілі ў зусім іншы аклад, які быў значна большы за фармат самой кнігі.

Зараз фаліянт у новым скураным пераплёце. А ў суседняй вітрыне, разам з іншымі друкаванымі помнікамі - папярэдні аклад Евангелля, у які святыню памясціў майстар стараверскай абшчыны на Віцебшчыне падчас Вялікай Айчыннай. Вокладку таксама рэстаўравалі. Аднаўленнем займаўся чалавек, які адраджаў кнігі Скарыны ў фондах Нацбібліятэкі. Амаль усе старадрукі ў Нацмузей трапілі яшчэ ў савецкія гады падчас экспедыцый. Іх вывозілі з паўразбураных храмаў.

Калекцыя старадрукаў Нацыянальнага мастацкага музея складае амаль 200 асобнікаў. Большасць з іх - царкоўная літаратура. Праваслаўныя і ўніяцкія выданні. Ёсць і даволі рэдкія на сёння стараверскія кнігі. Кірылічныя выданні і асобнікі з лацінскім шрыфтам. Вельмі рэдкі экзэмпляр Супральскай тыпаграфіі.

У фондах ёсць і даволі рэдкія выданні 16-га стагоддзя з заходнееўрапейскіх друкарань - Кракаўскай і Плантэна. Пасля прэзентацыі кніжных помнікаў, выданых на нашых землях, менавіта яны першымі трапяць да даследчыкаў і рэстаўратараў, а затым будуць прапанаваныя публіцы.