Найстаражытнейшая беларуская святыня вярнулася на Радзіму

16 марта 2014

Полацкае Евангелле 12-га стагоддзя - у Нацыянальнай бібліятэцы краіны. Дакладную копію першакнігі беларусаў зараз можна пагартаць, дакрануўшыся да духоўнай гісторыі народа. Да гэтага захавальнікамі арыгінальных фрагментаў найкаштоўнейшага рарытэта былі бібліятэкі Санкт-Пецярбурга і Масквы. Наталля Бардзілоўская - больш падрабязна.



Менавіта ад гэтых царкоўнаславянскіх кірылічных знакаў і нараджалася беларускае пісьменства. У рукапісе другой паловы 12-га стагоддзя ўзор асабліва ўрачыстай формы старажытнага пісьма - устава. На палях старонак, што спісаны роўным прыгожым почыркам, крыху неахайныя нататкі і ўкладныя запісы тагачасных пісараў. Мабыць, жыхары старажытнага Полацка зберагалі для нас неафіцыйныя - жывыя асаблівасці маўлення таго часу, калі і адбывалася фарміраванне беларускай мовы.


Да сённяшняга дня навукоўцы, што вывучаюць гісторыю славянскага - беларускага пісьменства, мелі магчымасць убачыць першую кнігу беларускай нацыі - Полацкае Евангелле - толькі ў Санкт-Пецярбургу і Маскве, дзе ў фондах Нацыянальнай і Дзяржаўнай бібліятэк і захоўваецца помнік гісторыі і культуры. Цяпер гэта кніга ў нас.


170 старонак, але не пергаменту, а вырабленых у сучаснай высокаякаснай паліграфіі. Скураная вокладка, інкруставаная металам і паўкаштоўнымі камянямі. Гэта факсіміле - дакладная копія Полацкага Евангелля. На працу пайшло больш за год. Работа ад выдавецтва Беларускага экзархата ўжо ўзяла Гран-пры сёлетняга нацыянальнага конкурсу Мастацтва кнігі. Але пагартаць унікальны том цяпер зможа любы ахвочы ў галоўнай бібліятэцы краіны. Праекты па вяртанні старажытных кніг на Беларусь і іх адраджэнні будуць працягвацца. Намечаны цэлы цыкл аднаўлення духоўных літаратурных каштоўнасцяў.