Дон Жуан у Купалаўскім

25 Лютага 2014
У тэатры кіпіць праца над пастаноўкай новага спектакля - другой прэм'ерай сезона. Аб тым, як ідзе падрыхтоўка, раскажа Юлія Лосікава.

Для пастаноўкі ў Купалаўскім тэатры Дон Жуана з арыгінальнай французскай перавялі на беларускую мову. Сам рэжысёр, запрошаны з Піцера, з акцёрамі працуе на рускай, але гаворыць, што Дон Жуан у беларускім чытанні падабаецца яму нашмат больш.

Беларускі іспанец у інтэрпрэтацыі пецябруржца. Анатоля Праўдзіна, рэжысёра з паўночнай сталіцы Расіі, у Мінск запрасіў мастацкі кіраўнік Купалаўскага Мікалай Пінігін. Некалі рэжысёры працавалі разам. У піцерскім БДТ імя Таўстаганава. Зараз Праўдзін з беларускім Дон Жуанам, а яго ролю выканае Павел Харланчук, разбірае мастацтва спакушэння жанчын і дае акцёру свае парады.

Пастаноўка Дон Жуана на беларускай сцэне - дэбют для Праўдзіна. Паводле традыцыі спектакль будзе беларускамоўным, а аўтарскае бачанне рэжысёра ўзновіць мальераўскую эпоху.

Да прэм'еры рыхтуюцца не толькі акцёры. У пашывачным цэху ў гатовым выглядзе можна разгледзець пакуль толькі эскізы будучых касцюмаў. Акцёры, задзейнічаныя ў спектаклі, штодня прыходзяць на прымерку касцюмаў. Усё павінна сядзець, бо да прэм'еры засталося не так шмат часу.