Доўгачаканы канцэрт Стынга прайшоў у Мінску

9 октября 2017

Тысячам прыхільнікаў брытанскі музыкант прэзентаваў свой новы альбом, а таксама хіты залатой калекцыі сусветнай поп-музыкі. На канцэрце зоркі пабывала Іна Пілевіч.

Стынг прыбыў у Мінск за дзень да свайго выступлення на прыватным самалёце з Кіева. У міжнародным турнэ ўладальніка 16-ці статуэтак "Грэмі" суправаджае каманда з 9-ці чалавек. Акрамя музыкантаў у свіце брытанскага артыста целаахоўнікі, а таксама асабісты повар.

На разагрэве ў Стынга выступіў яго сын Джо Самнер. Гэта надало канцэрту сямейнай утульнасці - спадчыннік як дзве кроплі падобны да знакамітага таты не толькі выглядам, але і голасам. Бацька і сын таксама выканалі сумесную кампазіцыю. Дарэчы, на сцэне 66-гадовы музыкант выглядаў даволі сціпла (дэмакратычна, проста) - выйшаў да публікі ў футболцы і джынсах, бо галоўнае - гэта яго музыка. Стынг выступае на сцэне больш як 40 гадоў і за гэты час паспеў заваяваць звыш 15-ці статуэтак "Грэмі", "Залаты глобус", а таксама ўдастоены зоркі на галівудскай алеі.

Для брытанскага рамантыка гэта ўжо другі канцэрт у Мінску. 7 гадоў таму Стынг выступаў у суправаджэнні Прэзідэнцкага аркестра. На гэты раз выканаўца паўстаў перад публікай у рокавым амплуа. У сусветным турнэ артыст прэзентуе свой новы альбом "На вуглу 57-й і 9-9". Такая назва невыпадковая. Менавіта ля скрыжавання гэтых дзвюх вуліц на Манхэтэне артыст праходзіў па дарозе ў студыю гукапісу.

На мінскім канцэрце не абышлося і без стынгаўскай нятленкі. У праграме горача любімыя публікай Shape of My Heart, Englishman in New York, а таксама Every breath you take. Апошняя, дарэчы, вядомая як адна з самых прыбытковых песень у гісторыі - яна прыносіць музыканту 2 тысячы долараў за дзень. Ізноў Стынг выканае гэтую кампазіцыю ў аўторак у Каўнасе. Менавіта гэты горад наступны ў гастрольным графіку легенды.