Дакументальная стужка "Беларусьфільма" "Чужое і сваё" перамагла на маскоўскім кінафестывалі

16 ноября 2017
Дакументальная стужка "Беларусьфільма" "Чужое і сваё" перамагла на маскоўскім кінафестывалі "Прамяністы анёл". Фільм рэжысёра Галіны Адамовіч расказвае пра складаны лёс невылечна хворых дзяцей і пра іх сем'і. Праз гісторыі работнікаў Беларускага дзіцячага хоспіса і яго падапечных аўтар дае магчымасць гледачу даведацца пра той бок жыцця, які застаецца невядомым для многіх. Наталля Кузьміцкая працягне тэму.

Акрамя мастацкага кіно існуе іншы свет, які паказвае рэчаіснасць такой, якая яна ёсць, і гэта дакументальны фільм.

Менавіта праз яго рэжысёр Галіна Адамовіч і адлюстроўвае сваё светаадчуванне і ўспрыманне жыцця.

Апошняя работа, бадай, самая складаная за яе кар'еру. У карціне «Чужое і сваё» праз рэальныя чалавечыя лёсы і гісторыі аўтар узнімае няпростую тэму дзіцячай паліятыўнай дапамогі.

Моцная па задумцы, сцэнарыі і ўвасабленні стужка ўжо атрымала некалькі ўзнагарод на міжнародных кінафестывалях - спецпрыз на біенале «Соль зямлі» ў Самары, перамогу на фестывалі дабрачыннага кіно «Прамяністы анёл» у Маскве. Аднак не ўзнагароды, а сэнс, закладзены ў фільме, не пакінуць абыякавымі гледачоў пасля знаёмства з ім.

Сёння пад апекай Беларускага дзіцячага хоспіса некалькі тысяч сем'яў з усёй краіны. Штодзень яны атрымліваюць не толькі медыцынскую і псіхалагічную дапамогу, але галоўнае - клопат і ўвагу. А гэты фільм таксама спроба звярнуць увагу людзей на тых, хто побач і хто мае патрэбу ў падтрымцы.