Да старту тыдня дзіцячага "Еўрабачання" застаюцца лічаныя гадзіны

19 ноября 2018

Слоган дзіцячага Еўрабачання - "LightUp" або "Запальвай" - сёння стане, мабыць, адным з галоўных хэштэгаў у сацыяльных сетках. Да афіцыйнага старту маштабнага музычнага тыдня застаюцца лічаныя гадзіны. Урачыстая цырымонія адкрыцця конкурсу пройдзе ўжо сёння ўвечар. Падрыхтоўка да стартавага шоу практычна завершаная.

Нацыянальны выставачны цэнтр "Белэкспа" трансфармаваўся ў вялікую мультымедыйную пляцоўку. Менавіта тут сёння ўвечар дадуць зваротны адлік да маштабнага шоу. Зараз тут праходзяць апошнія рэпетыцыі, завяршаецца афармленне сцэны. Яркім акцэнтам, паводле конкурснай традыцыі, стала чырвоная дывановая дарожка. Пакуль яна надзейна схаваная пад ахоўнай плёнкай. Але ўжо праз некалькі гадзін па ёй пад прыцэламі дзясяткаў камер пройдуць удзельнікі з 20-ці краін.

Гэта будзе першая сустрэча ўсіх канкурсантаў і, вядома, магчымасць прэзентаваць сябе і сваю каманду. Дарэчы, адразу пасля вітальнага дэфіле ўдзельнікі паднімуцца на сцэну. Праўда, пакуль не з конкурсным нумарам, а каб... загадаць жаданне.

Антон Калінін, рэжысёр-пастаноўшчык цырымоніі адкрыцця міжнароднага дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2018": "Бо слоган "LightUp" - мы будзем запальваць, запальваць эмоцыі. Запальваць музыку. Запальваць танец. І, вядома, запальваць мару. Мне падаецца, што шматлікія краіны жадаюць, каб іх канкурсант перамог. Мы ж жадаем, каб у кожнага канкурсанта была магчымасць загадаць сваю мару і расказаць пра яе".

Дзяніс Дудзінскі, вядучы цырымоніі адкрыцця міжнароднага дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2018": "Усё павінна быць вельмі па-хатняму, стыльна, з густам. Паказаць гасцям, што мы можам. Мы можам рабіць добра. Калі ўспомніць, некалькі гадоў назад, калі мы прымалі "Еўрабачанне", нам сказалі, што гэта была лепшая падрыхтоўка".

Арыгінальнае светлавое і музычнае афармленне - для цырымоніі адкрыцця спецыяльна напісалі 6-хвілінны трэк. У такт музыцы ажывуць і віртуальныя дэкарацыі. 3D-шоу злучыць элементы харэаграфіі і камп'ютарнай графікі.

Марыя Маскалік, удзельніца цырымоніі адкрыцця міжнароднага дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2018": "Мы працуем з экранам і, напрыклад, мы круцім сферы. І гэта ўсё ў кадры павінна гарманіраваць. Гэта даволі складаная задача, але мы з ёй справіліся".

Захаваць яркія моманты музычнага свята яго госці і ўдзельнікі змогуць у імправізаваных фотастудыях - іх упрыгожылі сотні святлодыёдаў.

Яўгенія Пушко, мастак-пастаноўшчык цырымоніі адкрыцця міжнароднага дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2018": "Мы вырашылі сумясціць і светлавыя элементы і элементы цеплыні. Канцэпцыя адкрыцця - гэта канцэпцыя цеплыні, адкрытасці беларускага народа. Тут, у гэтай фотазоне, мы вельмі шмат выкарысталі нітак, клубкоў нітак. Гэта ўвасабляе, што мы ўсе звязаны і нас аб'ядноўвае вось гэтае вялікае свята".

Падчас афіцыйнай цырымоніі адкрыцця конкурсу пройдзе і жараб'ёўка - паводле правілаў Еўрапейскага Вяшчальнага Саюза, вызначаць першую і 20-ю пазіцыі. Нумар свайго выступлення даведаецца і ўдзельнік ад Беларусі - Даніэль Ястрэмскі.

Убачыць маляўнічае шоу змогуць не толькі госці мерапрыемства, але і гледачы з дзясяткаў краін. Сярод іх нават прыхільнікі конкурсу з далёкай Аўстраліі. Тэлеверсію цырымоніі адкрыцця сёння адразу пасля “Панарамы” пакажуць тэлеканалы "Беларусь 1" і "Беларусь 24". Яна стане яркім стартам насычанага музычнага тыдня, наперадзе - рэпетыцыі, інтэрв'ю, фотасесіі і, вядома, галоўнае шоу.