Да старту фінальнага шоу дзіцячага Еўрабачання засталося літаральна два дні

13 ноября 2014
Сёння беларуская ўдзельніца на Мальце правяла першую ў сваёй біяграфіі прэс-канферэнцыю, а таксама ва ўсёй красе выйшла на сцэну. На чарговай рэпетыцыі Надзея Місякова разам з балетам паўстала перад камерамі ўжо ў сцэнічных уборах.

Усе падрабязнасці з Мальты ў нашага карэспандэнта Іны Пілевіч.

С сабой на рэпетыцыю спакавала не толькі сцэнічны касцюм, але і пакет пер'я. Згодна з задумай, ў фінале песні пра сокала Надзея Місякова здзьмухне з далоні сіняе пяро. Гэты момант камера будзе трымаць на буйным плане. Адчуванне палёту нададуць і ветрадуі, якія падкрэсляць прыгажосць доўгіх валасоў Надзеі.

Беларускамоўная песня ў стылі фолк прагучыць у жытнім полі і дрымучым лесе. Такая графіка будзе праецыравацца на святлодыёдныя экраны. Змяніліся і дуды. У кульмінацыйны момант кампазіцыі інструменты стануць магічнымі. Ля манітораў нумар ацэньвала беларуская дэлегацыя, а у фан-зоне - сям'я. Сёння на Мальту з Мінска прыляцела група падтрымкі.

Пастаноўка нумара не для зала, а для тэлепублікі. Падчас выступлення нашу канкурсантку будзе здымаць адразу 15 камер. Таму песню Сокал разабралі на планы пасекундна. У пакоі відэапрапрагляду аператар-пастаноўшчык шоу пазначыў усе пажаданні беларускай каманды. Сваёй рэпетыцыі чакаюць і вяшчальнікі. Сёлета вынікі галасавання ад Беларусі агучыць 11-гадовая Екацярына Таперкіна.

А вось з гэтага пакою дзеці з 16 краін будуць аб'яўляць балы. Для эканоміі часу сёлета вяшчальнікі назавуць толькі тры максімальныя адзнакі - 8, 10 і 16. Астатнія з'явяцца на табло. Дарэчы, упершыню на дзіцячым Еўрабачанні апублікуюць вынікі галасавання журы і гледачоў асобна.

Сцэна - у мальтыйскім суднабудаўнічым заводзе, прэс-цэнтр - у шатры побач. Задаць пытанні Надзеі Місяковай прыйшлі журналісты з розных краін. За 35 хвілін інтэрв'ю артыстка паспела расказаць пра ўражанні ад конкурсу і праспявала сваю песню па-англійску.

Ужо заўтра ў раскладзе Надзеі - фінальная рэпетыцыя і генеральны прагон, пасля прагляду якога журы выставяць свае адзнакі.

Такім чынам, да фінальнага шоу засталося літаральна пару дзён. Пачатак у суботу ў 21.00. Нагадаем, трансляцыю дзіцячага Еўрабачання ў прамым эфіры будуць весці тэлеканалы Беларусь 1 і Беларусь 24. А найважнейшае і цікавае, а таксама ўсё, што засталося за кадрам, глядзіце ў анлайн-дзённіку Шлях на Мальту.