Дзмітрый Астрахан рыхтуе тэатральную прэм'еру ў Мінску

14 марта 2018

Расійскі рэжысёр Дзмітрый Астрахан, які так любіць здымаць кіно ў Мінску, на гэты раз рыхтуе тэатральную прэм'еру. Пастаноўка з аднайменнай назвай мастацкага фільма Астрахана - "Чацвёртая планета". Рэдкі выпадак, калі экранная работа папярэднічае тэатральнаму ўвасабленню. У спектаклі задзейнічана амаль уся трупа тэатра. Настальгічна-фантастычная прэм'ера перанясе гледачоў у савецкае мінулае, якое, на думку рэжысёра, пасялілася на Марсе. Падрабязнасці "экспедыцыі" ў Ніны Мажэйкі.

З выдуманага Зарэчанска ў Маскву. Назад у будучыню Дзмітрый Астрахан ужо вяртаўся ў 1995-м. Тады ўсё было з кіношнымі ўмоўнасцямі.

А ў нашы дні ўжо з тэатральнай пунктуальнасцю. На рэжысёрскім століку гадзіннік. Маэстра любіць дакладнасць. І на месцы не сядзіць - у зале яго складана заспець. Больш часу праводзіць на сцэне.

Артысты іграюць так, як быццам ідуць кіназдымкі. Хаця прынцып "каб чулі на галёрцы" (нягледзячы на яе адсутнасць у Рускім тэатры) ўсё ж працуе. Майстар камедыі сабраў большую частку трупы на адной сцэне. А дакладна, у адным маскоўскім дворыку. Пастаноўка са шлейфам савецкага рэтра складаецца з дыялогаў. У цэнтры гісторыі - людзі і іх лёсы.

Сцэнаграфія падкрэсліць мінулую эпоху, калі збіраліся ў двары за адным сталом.

Якімі будуць дэкарацыі і касцюмы, пакуль не ведаюць нават акцёры. Для артыста Андрэя Сцяпанавіча Дударэнкі эпоха 60-70-х - гэта частка жыцця, яго маладосць і сталасць.

Да "высадкі" на Марс засталося крыху менш чым месяц. Да канца тыдня ў артыстаў штодзённыя рэпетыцыі з рэжысёрам. Прэм'еру запланавалі напярэдадні Дня касманаўтыкі - 11 красавіка.

Сюжэт, які ўжо быў рэалізаваны на кінарынку ў 1990-х, перавандраваў на тэатральную сцэну. Настальгічны ход Астрахана, па прагнозах, яшчэ і камерцыйна выгадны. Напрыклад, яго мінулая пастаноўка "Лэдзі на дзень" дагэтуль у гледачовым топе. Той выпадак, калі імя рэжысёра ў афішы яшчэ і знак якасці.