Для Нацыянальнай бібліятэкі выстава настаўніцкіх работ – першы вопыт

21 апреля 2013

Праверыць творчы ўзровень сваіх выкладчыкаў вырашылі ў Мінскім дзяржаўным мастацкім каледжы імя А.К. Глебава. Педагогам, якія звычайна самі ставяць ацэнкі, прапанавалі выставіць ўласныя працы для ацэнкі навучэнцамі. Так і нарадзілася выстава, якая адкрылася ў галерэйна-выставачным комплексе Нацыянальнай бібліятэкі.

Наталля Бардзілоўская - падрабязней.


Узровень, прэстыж любой школы вызначаюць не толькі выпускнікі, але і выкладчыкі. Педагагічную славу мастацкай Глебаўкі ў свой час стваралі Аракчэеў, Ахрэмчык, Вашчанка, Цвірко. Сённяшняе пакаленне настаўнікаў вырашыла паказаць: яно не горшае.


З паўсотні педагогаў мастацкага каледжа ўсяго трынаццаць асмеліліся прадэманстраваць свае работы на выставе і тым самым адказаць на адвечнае і схаванае пытанне: а што мы, настаўнікі, самі можам сказаць у мастацтве?! Жывапіс, графіка, фота, скульптура - выставу назвалі сімвалічна: Паліфанія.


Трынаццаць самых розных творчых почыркаў зліліся ў адзіную выставачную мелодыю. Амаль пяцьдзясят работ у экспазіцыю трапілі па-за ўсялякім конкурсам.


Для галерыстаў Нацыянальнай бібліятэкі выстава настаўніцкіх работ - першы вопыт. Тут увагу больш акцэнтуюць на прасоўванне таленавітай моладзі.


У Глебаўцы выкладчыцкую выставу бачаць як традыцыю, якая падштурхне да ўдзелу амаль увесь педагагічны калектыў.