Дызайнерскія аксэсуары - ў дрэве

30 ноября 2016

Драўляныя таршэры, бра, начнікі з прыроднага матэрыялу. Сёлета ў сталіцы з'явілася майстэрня, якая нясе святло ў кватэры і дамы людзей. Дызайнерскія аксэсуары ўвасабляе ў дрэве… дзяўчына. У майстэрню, дзе працягвае традыцыі мужчынскага рамяства прадстаўніца прыгожай паловы, трапіла і Аляксандра Драгун.

Не складана ўявіць, што аўтар вытанчаных жырандоль і лямпаў гэта далікатная дзяўчына. Але Ганна Палякоўская не проста дызайнер. Год таму яна прыручыла дрэва. Цяпер спрытна ўвіхаецца з шліфавальнай машынкай і лобзікам, не шкадуючы манікюра.

Архітэктар па адукацыі, яна пакінула прэстыжную пасаду, гаманлівую Маскву, дзе атрымала дыплом, і вярнулася на радзіму - ў Мінск. Тут і адкрыла сваю майстэрню. Кажа, прага да сталярнага рамяства ў яе з дзяцінства. Калісьці з татам Ганна Палякоўская ўладкоўвала птушак у самаробных шпакоўнях і сінічніках. Сёння нясе святло ў жыллё людзей.

Афрыканскія матывы, дакладныя геаметрычныя лініі, мудрагелістыя, масіўныя дэталі… Жырандолі, таршэры, бра з прыроднага матэрыялу - новы брэнд сталіцы. За аснову сваёй калекцыі майстар выкарыстоўвае дрэва. Прыдатныя да працы такія прадметы інтэр'еру толькі са святлодыёднымі лямпамі.

Сваім драўляным вырабам Ганна Палякоўская дае імёны згодна з вонкавым выглядам. Фуксія, шар, галубы, алмаз, васьміног… Апошні - прататып насельніка мораў і акіянаў - прыжыўся на столі ў Таццяны Моднікавай. Пасля - хатні інтэр'ер дапоўніў прамавугольны начнік з сырнымі дзіркамі.

Вясной у Ганны Палякоўскай з'явіўся памочнік - электрычны станок. З драўляных аркушаў ён выразае пазлы для будучых вырабаў. Пасля зборкі жырандолі, таршэры, бра пераходзяць у рукі да электрыка, каб падключыць правады і ўставіць патроны для лямпачак.

Марыць Ганна Палякоўская адкрыць у горадзе ўтульнае месца накшталт кафэ і адначасова крамы з сувенірамі беларускіх рамеснікаў. Каб людзі сустракаліся і вялі душэўныя размовы за кубкам гарбаты ў памяшканнях, насычаных водарам лесу.