Дзіцячае "Еўрабачанне-2018" адкрыта! Урачыстасць сабрала больш за 300 гасцей

19 ноября 2018

Некалькі гадзін таму ў Мінску ўрачыста адкрылі еўратыдзень. Беларусь другі раз прымае дзіцячае "Еўрабачанне".

Старт еўратыдню далі генеральны прадзюсар конкурсу, Старшыня Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант і шоу-прадзюсар Ён Ола Санд. У вялікую мультымедыйную пляцоўку трансфармаваўся Нацыянальны выставачны цэнтр "БелЭкспа". Арыгінальнае светлавое і музычнае афармленне. Віртуальныя дэкарацыі. 3D-шоу з элементамі харэаграфіі і камп'ютарнай графікі. Імправізаваныя фотастудыі і сотні святлодыёдаў. Менавіта тут, у "БелЭкспа", далі зваротны адлік маштабнаму шоу. Урачыстасць сабрала больш за 3 сотні гасцей. Сярод іх і рэкордная дваццатка канкурсантаў са сваімі дэлегацыямі. Гэта першая сустрэча юных выканаўцаў. Удзельнікі прадэфілявалі па чырвонай дарожцы, распавялі аб сваёй мары і запалілі зорку на еўравізійным небе. У эпіцэнтры ўсіх падзей на працягу дня знаходзілася Ніна Мажэйка. У яе даведаемся ўсе падрабязнасці.

Мы чакалі гэтага цэлы год, і вось, нарэшце, дзіцячае "Еўрабачанне" зноў у Мінску, зараз ужо афіцыйна. З рэкорднай колькасцю краін-удзельніц. Дзеля такога наплыву гасцей прыйшлося нават падоўжыць дэфіле па чырвонай дарожцы.

Прыгожая традыцыя, без якой не абыходзіцца ні адзін конкурс "Еўрабачанне" - ні дзіцячы, ні дарослы. Два дзясяткі краін, і ўсе на адным подыуме - еўравізійная выстава талентаў пад дахам хрустальнай вазы "БелЭкспа". Тры тысячы квадратных метраў лёгка напоўніліся жывой у прамым сэнсе гэтага слова публікай. Калідор з соцень людзей настройваў канкурсантаў на патрэбны лад, бо гэта не проста конкурс, а прэзентацыя сваёй краіны.

Канкурсантам дастаўся складаны подыум. З трох пунктаў. Для інтэрв'ю з вядучымі, фотазоны з супервайзерам і генеральным прадзюсарам і галоўнай праходкай. Кожны рух юных артыстаў фіксаваўся на камеры - усяго іх 9. З акцэнтам на эмоцыях выканаўцаў.

Запальваць, а яшчэ загадаць і ўвасобіць мару трэба будзе за гэты еўратыдзень. Задача няпростая. Але і стаўкі высокія.

Жараб'ёўка - адзін з самых хвалюючых момантаў цырымоніі. Цягнулі не труса з капелюша, а свае парадкавыя нумары. Першым свой нумар даведаўся дэлегат, які застаецца дома на час конкурсу, - Даніэль Ястрэмскі. Ён выступіць пад нумарам 8. А першай уразіць гледачоў выпала артыстцы з Украіны, апошняй будзе прадстаўніца Польшчы.

Еўравізійную галактыку завялі на белае палатно. Гэты фінт ад рэжысёраў цырымоніі стаў сапраўдным мультымедыйным шокам для публікі. Для 3D-праекцыі спецыяльна ўзвялі футурыстычную канструкцыю сцэны. Накіраваныя святло і гук таксама адыгралі сваю ролю. Разгледзець дэталі нумара можна будзе ў тэлетрансляцыі адразу пасля "Панарамы".

Наперадзе ў артыстаў першая рэпетыцыя на конкурснай сцэне. Важны прагон, які стане паказальным для ўсёй тэхнічнай каманды. Але гэта будзе заўтра. А прама зараз сэлфі на памяць.