Дзіцячы жывапіс як канкурэнт творам дарослых майстроў

16 июня 2015

У галерэі "Ракурс" праходзіць выстава работ вучняў народнай студыі выяўленчага мастацтва. Заслужаны аматарскі калектыў Беларусі пад кіраўніцтвам Рышарда Мая праславіўся не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі. Маленькія мастакі рэгулярна становяцца прызёрамі міжнародных конкурсаў. Пра феномен студыі рэпартаж Іны Пілевіч.

Ён вучыць трымаць пэндзаль тых, хто яшчэ пяшком пад стол ходзіць. Рышард Май выхоўвае маленькіх мастакоў з двухгадовага ўзросту. На заняткі прымае ўсіх, хто жадае. Галоўнае - каб у класе хапала месца. Мастак кіруе народнай студыяй ужо 37 гадоў. На сёння ў яго журнале сотня прозвішчаў вучняў.

Дызайнер, мастак Рышард Май сам працуе не ў рэалістычным напрамку, а піша ў стылі абстрактнага экспрэсіянізму. Настаўнік наўмысна адмаўляецца ад традыцыйнага вучэбнага працэсу і не выкарыстоўвае падручнікі. Маленькія жывапісцы найперш трапляюць у акружэнне мальбертаў, аркушаў, фарбаў і ў такіх натуральных творчых умовах пачынаюць маляваць. Усё для таго, каб не страціць і развіць індывідуальны стыль кожнага дзіцяці.

Урокі ў студыі Рышарда Мая праходзяць абсалютна бясплатна. Прынцыповае правіла настаўніка – нічога не забараняць дзецям і не перашкаджаць творчаму працэсу. І яшчэ адзін прыемны момант для школьнікаў – адсутнасць дамашніх заданняў.

Выбраныя работы студыйцаў пераехалі на выставачную пляцоўку. 40 палотнаў прэзентаваныя ў галерэі “Ракурс” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Экспануюцца як цяперашнія выхаванцы студыі, так і выпускнікі.

Дарэчы, за мяжой вучні Рышарда Мая экспануюцца пастаянна, заваёўвалі прызы ў Анголе, Бельгіі, Партугаліі, Японіі. Большасць выпускнікоў працягвае адукацыю ў мастацкіх вышэйшых установах. Хаця некаторыя маленькія мастакі становяцца зоркамі і без дыплома. Так, работы адной з вучаніц на аўкцыёне набыў Амстэрдамскі культурны цэнтр.