Дзень Саюзнай дзяржавы на "Славянскім базары"

14 июля 2017

Дзень Саюзнай дзяржавы на "Славянскім базары" пачаўся па традыцыі на плошчы Перамогі. Госці фестывалю ўшанавалі памяць воінаў-вызваліцеляў. Да Вечнага агню ляглі жывыя кветкі.

У міжнародным прэс-цэнтры фота- і відэакамер сёння асабліва шмат. З журналістамі сустрэўся Дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота. Пытанні датычыліся рэалізацыі новых саюзных праграм, а таксама прыярытэтных кірункаў супрацоўніцтва Беларусі і Расіі. Не засталася без увагі і тэма "Славянскага базара".

Маляўнічы куток недалёка ад Віцебска. Тут знаходзіцца Музей-сядзіба Ільі Рэпіна "Здраўнёва". І нават непагадзь не псуе ўражанняў ад прыгажосці гэтых месцаў. У Дзень Саюзнай дзяржавы ў музеі заўсёды шматлюдна. Сёння тут прэзентавалі адразу некалькі выстаў. Таксама калекцыя музея папоўнілася новым палатном. Копіяй партрэта Аляксандра Жыркевіча - сябра Ільі Рэпіна.

Прыцягвае прыгажосць беларускай прыроды і маладых мастакоў Саюзнай дзяржавы. Раней у фестывальныя дні тут праходзілі пленэры. Сёлета - фармат іншы. На вольным паветры правялі круглы стол. Галоўная тэма сустрэчы - мастацкая і літаратурная спадчына брацкіх народаў.

Дзень Саюзнай дзяржавы на "Славянскім базары" напоўнены самымі рознымі падзеямі. У праграме: прэс-канферэнцыі, вулічныя фэсты і, вядома, канцэрты.

Завяршальным акордам Дня Саюзнай дзяржавы на "Славянскім базары" стане юбілейны канцэрт ансамбля "Сябры". У Летнім амфітэатры таксама праспяваюць Леў Лешчанка, Тамара Гвердцытэлі, Руслан Аляхно. Прамую трансляцыю ў дзесяць вечара пакажуць тэлеканалы "Беларусь 1" і "Беларусь 24".