Наведвальнікі музеяў фатаграфуюцца на фоне экспанатаў і выкладваюць свае здымкі ў сацыяльныя сеткі. Такі незвычайны флэшмоб ладзіцца толькі сёння ў музеі-майстэрні імя Азгура. Мой калега Аляксандр Харавец таксама зрабіў эксклюзіўнае фота побач са скульптурамі знакамітых людзей.
Ксенія і Яна - частыя наведвальнікі музеяў. Новыя выставы і прэзентацыі стараюцца не прапускаць. І хаця селфі дзяўчаты больш любяць каля люстэрка у новай сукенцы, аднак і на фоне музейных экспанатаў ахвотна фатаграфуюцца.
У мінулым годзе Міжнародны музейны праект Culture Themes прапанаваў інтэрнэт-карыстальнікам зрабіць флэшмоб - выкласці ў сацыяльныя сеткі свае селфі на фоне музейных экспанатаў. Сёлета і наша краіна далучылася да гэтай акцыі.
І хаця уваход у музей платны, аднак, паводле слоў супрацоўнікаў, наведвальнікаў майстэрні як мінімум удвая больш, чым у звычайныя дні. Мінчане і госці сталіцы ахвотна далучаюцца да флэшмобу і аператыўна дзеляцца фотаздымкамі са сваімі сябрамі у Сусветнай павуціне.
Зрабіць селфі на фоне музейных экспанатаў і выкласці яго ў сацыяльную сетку з хэштэгам MuseumSelfie можа кожны. Адзначу, сфатаграфавацца побач з творамі аматары сябешак могуць толькі сёння ў музеі-майстэрні Азгура да 8 гадзін вечара. Так што паспяшайцеся. І дзясяткі лайкаў вашай новай аватаркі не заставяць сябе доўга чакаць.













