Дзень беларускай пісьменнасці вяртаецца ў Заслаўе

3 сентября 2014

Горад Рагнеды ўжо другі раз прыме свята роднага слова ў гэтыя выхадныя. Гасцей фестывалю чакаюць сустрэчы з пісьменнікамі, паэтамі, журналістамі, выдаўцамі, а таксама мноства прэзентацый. Праграма свята пачалася ўжо сёння задоўга да афіцыйнага адкрыцця. З Мінска ў горад літаратурнага форуму традыцыйна адправілася экспедыцыя Дарога да святынь. Мая калега Іна Пілевіч - падрабязней.


З афіцыйнай сталіцы - у літаратурную! Пісьменнікі, паэты, навукоўцы, археолагі ўзялі на сябе місію данесці ў беларускую глыбінку не толькі слова, але і жыватворны агонь. Лампада, запаленая ад іерусалімскага полымя, будзе саграваць 45 удзельнікаў экспедыцыі на працягу 5 дзён.


Протаіерэй Сергій Гардун, клірык мінскага Кафедральнага сабора, выкладчык мінскіх духоўных школ, дэкан Інстытута тэалогіі БДУ: Пункты падарожжа, яны кожны год мяняюцца. І задача асноўная - каб з цягам часу ахапіць усю Беларусь, усю краіну. Мы таму ходзім па розных раёнах, рэгіёнах і самі мы, паколькі гэта дарога да святыняў, канешне, перш за ўсё, наведваем храмы і манастыры.


Перад адпраўленнем - малітва ў мінскім Кафедральным саборы. І толькі пасля бласлаўлення ўдзельнікі накіроўвацца ў шлях. За час духоўнага падарожжа яны наведаюць школы, бальніцы, сацыяльныя установы, храмы, манастыры. Фінальная кропка - горад дня пісьменства - Заслаўе.


Жыватворны агонь пілігрымы правязуць праз Мінскую, Гродзенскую і Брэсцкую вобласці. Жыхары адразу 14 населеных пунктаў атрымаюць магчымасць запаліць свае свечкі ад полымя, прынесенага з Іерусаліма. Таксама падчас экспедыцыі будуць высаджаны сады малітвы - па 21 дрэву ў кожным пункце маршрута.


На свяце беларускага слова кожны жадаючы зможа сам надрукаваць старонку скарынаўскай Бібліі на станку, адноўленым па гравюрах 16 стагоддзя. Копію старадрука на 192 старонкі сёння прэзентавалі журналістам. Папера выраблена ўручную з лёну, а тэкст адціскаўся копіямі матрыц і форм Францыска Скарыны. Пакуль выданне надрукавалі ў 7 экземплярах. Унікальная кніга не прадаецца і яе сабекошт не выдаецца.


Уладзімір Ліхадзедаў, гісторык, публіцыст: У Пецярбургу сказалі, што, у яе ёсць адзін недахоп - яна выглядае як новая. Трэба было б састарыць. Але я адказаў, што калі Скарына друкаваў кнігу, яна ж выходзіла ў яго з-пад станка новая. Састарэць заўсёды паспее.


Упершыню святкаванне Дня пісьменства расцягнецца на два дні, а цырымонія адкрыцця адбудзецца ў суботні вечар. Такое рашэнне было прынята, каб госці паспелі прыняць удзел ва ўсіх мерапрыемствах, якія запланаваны ў розных пунктах горада.


Уладзімір Матусевіч, намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь: Цікавае мерапрыемства ў Заслаўі - гэта конкурс юных чытальнікаў Жывая класіка Мінскай вобласці. Гэта тыя дзеці, якія перамаглі ў спаборніцтвах, прайшлі адбор і яны будуць спаборнічаць у чытанні твораў беларускіх класікаў.


Да Дня пісьменства Заслаўе атрымала святочна-рэнесансны лоск. У сталіцы свята роднага слова з'явіцца некалькі новых аб'ектаў - дзіцячы парк культуры і адпачынку, штучны вадаём з фантанам. Таксама ў суботу прэзентуюць фігуру князя Ізяслава - помнік заснавальніку горада і роданачальніку дынастыі полацкіх князёў.