Дзень беларускай пісьменнасці ў наступным годзе прыме Полацак

9 ноября 2016

У аснове такога выбару не адна значная дата - пяцісотгоддзе беларускага кнігадрукавання і першай Бібліі Скарыны, а таксама юбілей самога Полацка - гораду спаўняецца 1155 гадоў.

У гонар свята створаць помнік або памятны знак, а да Дня беларускай пісьменнасці распрацуюць насычаную праграму - з канцэртамі, літаратурнымі сустрэчамі, выставамі. Гэтыя пытанні сёння былі ўключаныя ў першае пасяджэнне аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні Дня беларускай пісьменнасці ў Полацку.

Наталля Качанава, намеснік прэм'ер-міністра Беларусі:

"Даручэнні дадзеныя не толькі міністэрствам інфармацыі і культуры, але і Віцебскаму аблвыканкаму, Полацкаму райвыканкаму, каб гэта свята стала знакавым і запамінальным і для жыхароў Полацка, і для ўсёй нашай краіны, і для гасцей, якія прыедуць".

Полацак не ўпершыню прымае Дзень беларускай пісьменнасці. Свята вырашана ператварыць ва ўнікальную культурную падзею.

Сёння на пасяджэнні высокую ацэнку атрымаў і Рагачоў, які прыняў гэту маштабную падзею сёлета.