Дзень беларускай пісьменнасці сёлета адбудзецца ў Полацку

4 января 2017

Паводле традыцыі нацыянальнае свята праходзіць у гарадах, якія з'яўляюцца гістарычнымі літаратурнымі цэнтрамі. Падрыхтоўка да маштабнай падзеі пачалася, і гэта нягледзячы на тое, што само свята пройдзе ў верасні.  Сваімі  планамі ўжо дзеляцца арганізатары. Яны расказалі аб сюрпрызах, якія чакаюць гасцей вялікага фестывалю ў Полацку. Падрабязнасці - у  Марыны Раманоўскай. 

Кіраўнік полацкага тэатра “Пілігрым” Вера Кісялёва зараз працуе над новым спектаклем. Прэм’еру артысты рыхтуюць спецыяльна да Дня беларускага пісьменства. Паводле традыцыі, галоўная літаратурная падзея адбудзецца у пачатку верасня. Свята пройдзе адразу на некалькіх пляцоўках.

Адной з падзей свята стане адкрыццё памятнага знака “Полацк - калыска беларускай дзяржаўнасці”. Яго ўсталююць у цэнтры горада. Акрамя гэтага, запланаваны капітальны рамонт і  мадэрнізацыя адразу некалькіх маштабных аб’ектаў ў раённым цэнтры.

Сімвалічна, што свята пройдзе на радзіме Францыска Скарыны ў знакавы для нашай краіны год. У 2017 споўніцца пяць стагоддзяў беларускаму кнігадрукаванню. І менавіта ў Полацку працуе адзіны ў Беларусі музей, які захоўвае гісторыю кнігі.

Музей беларускага кнігадрукавання адчыніў свае дзверы для наведвальнікаў у 1990 - падчас святкавання пяцісотгоддзя з дня нараджэння Францыска Скарыны. Экспазіцыя цалкам прысвечана кнізе: ад першых рукапісных скруткаў да сучасных выданняў. Усяго ж тут дэманструецца больш за дзве тысячы прадметаў.

Дзень беларускага пісьменства праходзіць у гарадах, якія лічацца гістарычнымі літаратурнымі цэнтрамі. Летась нацыянальнае свята прымаў Рагачоў. Полацк рыхтуецца сустрэць гасцей ужо трэці раз.