Дэлегацыі прыбываюць у Мінск. Сустракаем вакалістаў дзіцячага "Еўрабачання-2018"

17 ноября 2018

Да фінальнага шоу дзіцячага "Еўрабачання" - крыху больш за тыдзень. Белтэлерадыёкампанія завяршыла этап падрыхтоўкі да конкурсу: на старце запуску не толькі "касмічная" пляцоўка "Мінск-Арэны", але і знакаміты "рамонак". У прасторы выставачнага цэнтра "Белэкспа" 19 лістапада пройдзе ўрачыстае адкрыццё форуму. А ўжо сёння ў Мінск прыбываюць першыя дэлегацыі. Сустракае іх і наша здымачная група.

Прама з Нацыянальнага аэрапорта з намі на сувязі Лідзія Заблоцкая.
Ліда, добры дзень! Песня якога ўдзельніка прагучыць першай у Беларусі? (прамое ўключэнне).

Добры дзень! Фанаты дзіцячага "Еўрабачання" сапраўды пазнаюць гэты матыў - "You can be a champion". Літаральна праз паўгадзіны з трапа сыдзе самая "гарачая" дэлегацыя з самай аддаленай ад Еўропы краіны. Аўстралія! 12-гадовую Джаэль Уэна сустрэне не толькі наша здымачная група, але і валанцёры, якія на працягу ўсяго форуму выступяць гідамі, перакладчыкамі дэлегацыі. Дар'я - куратар аўстралійскай каманды. Раскажы, ці гатовая ты сустракаць цэлую дэлегацыю?

Валанцёры дзіцячага "Еўрабачання" суправаджаюць канкурсантаў у рэжыме нон-стоп на ўсіх мерапрыемствах. Адразу пасля сустрэчы дэлегацыя Аўстраліі пад наглядам картэжа міліцыі адправіцца ў Еўрадом - "Прэзідэнт-Гатэль". Менавіта тут спыняцца юныя выканаўцы. Удзельнікаў чакае па-сапраўднаму насычаны "еўравізійны" тыдзень. Іх графікі распісаныя літаральна па хвілінах. Ужо ў аўторак - першыя рэпетыцыі і карэкціроўка нумароў на галоўнай касмічнай лакацыі дзіцячага "Еўрабачання" - "Мінск-Арэне".

Пакуль Мінск сустракае вакалістаў і іх каманды з 20 краін свету. Акрамя Аўстраліі сёння спіс папоўніцца яшчэ трыма краінамі: Сербіяй, Албаніяй і Уэльсам. Дарэчы, апошнія ўдзельнічаюць у міжнародным вакальным форуме ўпершыню. Пачынаем запальваць!