Дату свайго сольнага канцэрта яны наўмысна звязалі з першым тыднем вясны

6 марта 2014

Адроджаны вакальна-інструментальны ансамбль Чараўніцы павіншаваў жанчын з надыходзячым 8 Марта і адзначыў уласнае саракагоддзе. Учора першы яшчэ ў Савецкім Саюзе жаночы вакальна-інструментальны калектыў даказаў: Мы яшчэ з крыламі!


Наталля Бардзілоўская ўпэўнілася.


Новыя Чараўніцы - новыя песні. Класічны рэпертуар гурта складалі хіты Лучанка, Семянякі і Будніка. Сёння дзяўчаты самі выступаюць у ролі паэтаў і кампазітараў, аранжыруюць беларускую аўтэнтыку. У сённяшнім канцэрце шмат прэм'ер, але ж куды без іх - знакамітых хітоў 70-х: Пах чабаровы, Зачараваная, Не за вочы чорныя. Яны загучалі ў новай, клубнай, версіі.


Сорак гадоў таму яны былі першыя, хто выйшаў на савецкую эстраду ў легінсах, а сёння - доўгія спадніцы. Белы колер - сімвал пачатку новай старонкі ў гісторыі гурта. Пасля дзесяцігоддзя перапынку жаночы ВІА аб'яднаўся, каб ізноў заявіць: за сорак гадоў творчага існавання Чараўніцы не страцілі сваёй чароўнасці. Канцэрт, што прайшоў напярэдадні жаночага свята, назвалі сімвалічна: Мы яшчэ з крыламі!


У шасцёрцы адноўленых Чараўніц - тры новенькія: саксафаністкі Святлана Рагула і Ганна Церахава, Паліна Базылева - вакал. У касцяку ж калектыву - той самы першы знакаміты рэтрасклад: Людміла Пасмурцава, Вольга Макушынская і Людміла Навумовіч. Апошняя сама напісала песню-гімн Чараўніц. Зрэшты, уменне самім рабіць усё: спяваць, танцаваць, іграць на музычных інструментах - тая першасная адметная рыса Чараўніц, якую яны захавалі праз гады. З новага ў гурце сёння не толькі дзяўчаты.


У 70-я яны былі ледзь не піянерамі жанру. Аб'ездзілі амаль увесь СССР. На Усесаюзным конкурсе артыстаў эстрады журы - Кабзон,


Райкін-старэйшы, Сіланцьеў - апладзіравалі дзяўчатам стоячы. І вось творчай паўзы нібы і не было. На канцэрце новых Чараўніц - аншлаг. З тугой па калектыве ў Мінск з самых розных куткоў з'ехаліся былыя ўдзельніцы ВІА. Праз гурт іх прайшло з паўсотні!


За год, што разам, новыя Чараўніцы аб'ехалі паў-Беларусі з канцэртамі, зараз у планах - адкрыццё маршрутаў былога СССР.