Чарэя адзначае 950-годдзе

24 августа 2016

Адзін з самых старажытных населенных пунктаў Беларусі - Чарэя - адзначае 950-годдзе. Яго яшчэ называюць цар-горадам на Белым возеры. Некалькі стагоддзяў таму гэта быў буйны гандлёвы і турыстычны цэнтр. Тут праходзіў вядомы шлях "з вараг у грэкі". Гісторыя Чарэі з летапісных часоў да нашых дзён у рэпартажы Алены Борматавай.

Гісторыя Чарэі на палатне. Апошні твор мастака Барыса Аракчэева не завершаны. Майстар пісаў яго на працягу пяці гадоў. Першыя эскізы і замалёўкі рабіў у бальніцы. Тут і старажытнае гарадзішча, і царква, узведзеная Сапегам - уладаром мясцовасці, і сучасныя чарэйскія вуліцы. Закончыць твор мастак не паспеў. Першая публічная прэзентацыя карціны адбываецца ў Чарэі на 950-годдзе населенага пункта. Чарэю ўраджэнец Яраслаўшчыны Аракчэеў пісаў 60 гадоў. Адтуль родам яго жонка. А зараз у пленэрных мясцінах пачынальніка дынастыі працуе дачка майстра Аксана Аракчэева.

Чарэя (ці як пісалі ў летапісах Царэя - Цар-горад) многія стагоддзі належала Сапегам, а пасля перайшла Мілашам - старажытнаму роду. Апошні ўладальнік Оскар Мілаш - знакаміты французскі паэт, які нарадзіўся ў Чарэі. Яго пляменнік Чэслаў Мілаш - нобелеўскі лаўрэат па літаратуры.

Таццяна Казлоўская, краязнавец: "Быў тэатр, які яго дзед, Артур Мілаш, пабудаваў для сваёй жонкі Наталі Тасістра. Яна была вядомая італьянская спявачка. Таму тут былі і тэатр, і аранжарэя".

Мілашы жылі ў замку, узведзеным яшчэ Сапегамі. Радавое гняздо дзвюх славутых дынастый было знішчанае ў гады Вялікай Айчыннай. Зараз на гэтым месцы школа. Ад старажытнага помніка захаваліся толькі склеп і некалькі алей.

Сёння ў многіх дакументальных і інтэрнэт-крыніцах былая чарэйская школа значыцца як сядзіба Мілашаў. Насамрэч гэтае збудаванне пасляваеннае. Яго ўзводзілі з цэглы разбуранага касцёла. Таго самага, дзе ў свой час захоўваўся знакаміты абраз Міхаіла Архангела, які быў падараваны Сапегу Іванам Грозным.

Царскі падарунак Леў Сапега (канцлер Вялікага Княства Літоўскага, стваральнік многіх заканадаўчых актаў, у тым ліку Статута ВКЛ) атрымаў за сваю дыпламатычную службу. Абраз знік бясследна. Магчыма, быў вывезены як ваенны трафей. З Сапегамі звязаная гісторыя яшчэ адной чарэйскай славутасці - Белай царквы на Белым возеры. Беларускі спас на Нерлі.

Таццяна Казлоўская, краязнавец: "Магчыма, што праект гэтай царквы, пачатак пабудовы належыць Арыстоцелю Ф'яраванці, таму што ў царкве незвычайныя скляпенні, якія ён спрабаваў пабудаваць у Маскве, але яму гэта не дазволілі і загадалі стварыць калоны, якія гэтыя скляпенні падтрымлівалі. А ў чыстым выглядзе такое збудаванне захавалася толькі ў нас тут".

Ф'яраванці - аўтар Успенскага сабора Маскоўскага крамля. Сёння Траецкая царква (афіцыйная назва сакральнага помніка) ў працэсе кансервацыі. Аднак мясцовыя людзі ў паўразбураны храм прыносяць абразы, моляцца і разам са свяшчэннікам праводзяць набажэнствы. Паводле адной з версій, у храме ёсць крыпта, дзе пахаваныя бацькі Льва Сапегі.