Чым запомніўся фінальны дзень "Славянскага базару"

13 июля 2015

На розных пляцоўках горада праходзяць спектаклі, канцэрты, перфомансы, дзейнічаюць кірмашы. Два дзясяткі фестывальных аб'ектаў размешчаны настолькі блізка адзін ад аднаго, што з аднаго пункта ў другі можна лёгка трапіць пешкам. Чым жа запомніўся фінальны дзень "Славянскага базару" - раскажа Вольга Маслоўская.

Дзень закрыцця "Славянскага базару" прайшоў пад парасонамі. На ўсходзе гавораць, дождж - гэта да багацця. Таму народны артыст Азербайджана Палад Бюльбюль-аглы зусім не нерваваўся ліпеньскаму ліўню падчас цырымоніі адкрыцця яго імянной зоркі.

Папуры з хітоў спевака і кампазітара - пад апладысменты і акампанемент дажджу. Зорка лаўрэата Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Беларусі "Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення" Палада Бюльбюль-аглы - адзінаццатая на Алеі зорак "Славянскага базару". Успаміны аб гэтым моманце артыст павязе больш чым за дзве тысячы кіламетраў.

"Славянскі базар" не толькі прызнае заслугі знакамітых майстроў сцэны, але і запальвае новыя зорачкі. Трыумфам маленькай спявачкі з Казахстана Луізы Нуркуатавай завяршыўся дзіцячы музычны конкурс. Калі ў спаборніцтве дарослых вакалістаў, суміраваўшы балы, можна выказаць здагадку, хто стане першым, то ў дзіцячым спаборніцтве ацэнкі журы не апавяшчаліся. Інтрыга захоўвалася да апошняй хвіліны.

Першую прэмію міжнароднае журы прысудзіла Дарыне Галіцкай з Украіны, другую прэмію падзялілі паміж беларускай Стэфаніяй Сакаловай і Лізі з Грузіі. Трэцяй прэміі ўдастоены Вераніка Усцімава з Расіі і Дар'я Пышная з Украіны.

Імёны пераможцаў конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песні назавуць зусім хутка на цырымоніі закрыцця фестывалю. Памер Гран-пры складае 20 тысяч долараў. Па колькасці балаў, набраных за два конкурсныя дні, лідзіруе прадстаўнік зноў жа Казахстана Дзімаш Кудайберген. Ці будзе сёння залаты дубль? - стане вядома ўжо менш чым праз гадзіну.

Канцэрт закрыцця завершыцца за поўнач. Але не ён паставіць кропку ў гісторыі 24-га "Славянскага базару". Яшчэ два дні ў Віцебску будуць гучаць пазыўныя фестывалю. У якасці пастскрыптуму - канцэрты Алены Ваенгі, "Зорак шансона" і групы "Бі-2".

Алена Ваенга на "Славянскім базары" чацвёрты раз. У праграме знаходжання - сольнік і абавязкова шопінг па любімых віцебскіх магазінах адзення і прадуктовых гіпермаркетах.

Шматлікія зоркі шоу-бізнесу, плануючы летні водпуск, пакідаюць "акно" для ўдзелу ў "Славянскім базары". І няхай замест Блакітнага берага - бераг Заходняй Дзвіны, віцебскія канікулы вызначае непаўторная сяброўская атмасфера.

Адкладваць сустрэчу не стала і расійская спявачка Валерыя. Яна ўпершыню спела для віцебскай публікі дзесяць гадоў назад. З тых часоў па авацыі шасцітысячнай залы вяртаецца зноў і зноў.

Пад знакам "Славянскага базару" прайшоў тыдзень. Весткі з фестывальнага Віцебска адкрывалі навінныя эфіры, друкаваліся на першых палосах газет і інтэрнэт-выданняў. Да вялікага свята мастацтва мелі дачыненне некалькі тысяч гасцей і шматмільённая тэлеаўдыторыя. Віцебск будзе яшчэ доўга прывыкаць да звычайнага мернага ладу жыцця і ўспамінаць імгненні фестывальнага лета.