Чалавек, які сустрэне год на кані

2 января 2014

2014 па ўсходнім календары пройдзе пад знакам Каня, у Мінску ёсць чалавек, які сустрэне яго сапраўды на кані. Уладальнік самай шматлікай стайні скульптар Сяргей Бандарэнка рыхтуе прэзент для сімвала года. Конь, пакуль схаваны ад старонніх вачэй у яго майстэрні, самы вялікі калі не ў свеце, то ў Беларусі сапраўды.


Першай загадкавага рысака ўбачыла Наталля Бардзілоўская.


У скульптурнай майстэрні па Гаі, 10 сапраўдны бронзавы заапарк. Бегемоты, насарогі, сланы, зубры, удавы - для кожнага года знойдзецца свой сімвал усходняга календара. Але для аўтара гэтай калекцыі 2014-ы павінен стаць асаблівым. Бо коней у яго большасць, не адна сотня. Конь - любімы вобраз скульптара Сяргея Бандарэнкі.


Скакуны, цяглавыя коні, коні-русалкі, кентаўры і самы знакаміты мінскі цыркавы конь з танцоркай. За трыццаць гадоў, што лепіць коней, Бандарэнка ні разу не паўтарыўся. Майстар лічыць, што гэтыя высакародныя жывёліны, як і людзі, непаўторныя.


Натхненнем для яго першага скульптурнага вопыту стаў амерыканскі вестэрн Выдатная сямёрка ў гліне, а потым у бронзе. Праца, ад якой Сяргей Бандарэнка вядзе адлік сваёй шматлікай стайні. Хоць, калі па праўдзе, любоў да коней і цяга да конскай тэмы ў аўтара - ад вясковых каранёў і сельскага дзяцінства.


Коней Бандарэнкі ведаюць і заказваюць па ўсім свеце. Адзін з апошніх заказаў - самы буйны ў прамым сэнсе гэтага слова і самы адказны. Да Дня горада Віцебска трэба адліць князя Альгерда і яго легендарнага каня. Падрыхтоўка гістарычнага праекта ў самым разгары…


Ужо ёсць металічны каркас каля тоны вагі, і пластыліну на аснову конскага корпуса пайшло 500 кілаграмаў. Самы складаны і карпатлівы этап - павелічэнне работы. Гэта шасціметровая жывёліна збіраецца з маленькіх кавалачкаў пластыліну. Вялікімі пластамі нельга, не будзе дакладнай лініі. Самы складаны этап працы з майстрам Бандарэнкам дзеляць пяцёра яго маладых вучняў.


Пецярбургскага Меднага конніка рыхтавалі дзесяцігоддзе. Пластылінавага каня Сяргея Бандарэнкі ўжо праз два месяцы аддадуць на фармоўку. Адтуль ён выйдзе бронзавым і адправіцца на віцебскі пастамент.