"Бяседа" адкрывае маштабны праект "Любіць Беларусь!"

2 сентября 2015

Паглыбіцца ў беларускую культуру, навучыцца лёгка гаварыць на роднай мове і самому пачуць песенную спадчыну продкаў. Белтэлерадыёкампанія, грамадскае аб'яднанне "Белая Русь" і адзін з самых вядомых музычных калектываў нашай краіны - "Бяседа" адкрываюць маштабны праект "Любіць Беларусь!". На працягу двух месяцаў "Бяседа" з канцэртамі наведае ўсе абласныя цэнтры і самыя буйныя раённыя гарады Беларусі. Гэтае музычнае падарожжа некалькі гадзін таму пачалося ў Гродне на сцэне Дзяржаўнага каледжа мастацтваў. Па заяве арганізатараў, гэта будуць неверагодныя вакальныя гастролі. І першы канцэрт у Гродне – нагляднае таму пацвярджэнне. У зале аншлаг.

Леанід Захлеўны, народны артыст Беларусі, мастацкі кіраўнік заслужанага калектыву Беларусі - ансамбля народнай музыкі "Бяседа": "Мы павінны любіць Беларусь. Павінны любіць беларускую зямлю. Павінны любіць тых людзей, якія жывуць на гэтай зямлі. І вось сваім турам, сваёй творчасцю мы хочам паказаць, як мы любім нашу Радзіму. І мы хочам запрасіць усіх людзей, якія нас паслухаюць, далучыцца да нас і таксама любіць, як любім мы".

Праект "Любіць Беларусь!" вельмі насычаны. Пасля сённяшняга канцэрта ў Гродне "Бяседа" разам з калегамі з тэлеканала "Беларусь 3" выступіць у Лідзе. Наперадзе яшчэ як мінімум 15 канцэртаў. Фінал акцыі пройдзе ў Мінску ў Палацы Рэспублікі. Дарэчы, журналісты Белтэлерадыёкампаніі суправаджаюць кожнае выступленне, і неўзабаве фрагменты канцэртаў, а таксама адметнасці кожнага беларускага горада на маршруце акцыі з'явяцца ў эфіры.