У сталічнай галерэі ПК праходзіць выстава ў стылі неа-поп-арт

17 февраля 2019

У сталічнай галерэі ПК праходзіць выстава ў стылі неа-поп-арт: сучасная эклектыка ад брэсцкага мастака Дзмітрыя Булдакова. Аўтар працуе адразу ў некалькіх тэхніках - алей замяняе на аэразольную фарбу, эксперыментуе з матэрыяламі. Напрыклад, на адну з работ надзеў джынсы. Модны эпатаж у рэпартажы Ніны Мажэйкі. 

Булдакоў і яго брэндавы жывапіс у абсалютным фармаце - 90 на 90. Такія параметры лічыць эталонам для ўласнай творчасці. На выявы глядзіць у квадраце, у некаторых выпадках супрэматычным. Чорны квадрат прыгожа інтэграваў да сюжэта з рыжавалосай красуняй. Жаночыя выявы, дарэчы, зборныя. 

Экспазіцыя спраектавана аўтарам. Адукацыя архітэктара дазваляе. Будаваць і руйнаваць мастацкія канструкцыі і нават разбураць шаблоны, а потым сшываць - у яго манеры. 30 работ у розных тэхніках як раз адракаюцца ад стандартных хадоў.

Назва задае тон усёй выставе. Surrender не капітулюе, а адмаўляецца ад звыклых шаблонаў. Аўтар прапануе акунуцца ў іншую мастацкую рэальнасць, дзе ёсць месца для эксперыментаў. 

Сучасная эклектыка - так называе сваю манеру сам Булдакоў. На выставе можна знайсці і мінімалізм, і канцэптуалізм і нават спасылку да акадэмізму. Вывучае гісторыю мастацтваў - "канспект" на сценах галерэі. Вось, напрыклад, тэма дадаізм. Замацаваў у калажы. 

Модны ружовы чыхуахуа ўжо паспеў выйсці ў тыраж. Гадаванца Булдакоў кланаваў дзясяткі разоў. Зараз упор робіць на непаўторную навізну. Вось гэтую работу, нягледзячы на камерцыйную арыентацыю, прадаваць пакуль не жадае. Пазнавальная ідыёма на фоне рок-куміра 70-х Сіда Вішэса ў джынсах. Рэпліку ўжо не зробіш.