Рашэнне прынята аднагалосна на 13-й сесіі камітэта ЮНЭСКА. Гэта была не першая заяўка ад нашай краіны з прапановай аб уключэнні свята ў спіс спадчыны. У гэты раз садзейнічанне каталіцкай царкве аказалі Міністэрства культуры і МЗС нашай краіны. Урачыстасць у гонар абраза Маці Божай Будслаўскай, якая знаходзіцца ў касцёле Узнясення Прасвятой Дзевы Марыі, праводзіцца штогод на працягу ўжо больш як 28 гадоў і прыцягвае дзясяткі тысяч вернікаў. Будслаўскі фэст - адзін з сімвалаў беларускай ідэнтычнасці. Ён аб'ядноўвае людзей, незалежна ад іх рэлігійных поглядаў, сацыяльнага статусу і гендэрных адрозненняў.
Тадэвуш Кандрусевіч, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі: "Сёння, калі ўжо будуць ісці вернікі туды, ехаць туды ў пілігрымках, а гэта яшчэ прызнана ЮНЭСКА, дае больш вагі такой. Вось я думаю, што таксама размесцім спецыяльную шыльду яшчэ да гэтай падзеі, бо гэта знакавая падзея. Важна для нашай краіны, бо аб нашай краіне будуць больш ведаць. Будуць ведаць, што гэта не толькі краіна, дзе робяць добрыя МАЗы, БелАЗы, трактары "Беларус" і так далей, але і таксама, што ёсць такі фэст. Аб гэтым многія ведалі, аднак яшчэ больш будуць ведаць".
Ад Беларусі на разгляд камітэта ЮНЭСКА аб уключэнні ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны накіраваная яшчэ адна прапанова - вясновы абрад "Юраўскі карагод". Рашэнне па гэтым пытанні будзе прынята ў снежні наступнага года.