Бронза Дэльфійскіх гульняў у беларускі Ганны Церан

2 декабря 2019
Ім ужо ўдалося пра сябе гучна заявіць. І не дзе-небудзь, а на Дэльфійскіх гульнях. Прадстаўнікі творчых ВНУ - уладальнікі медалёў - рыхтуюцца да новага статусу. Пасля падачы дакументаў ім прысвояць званні лаўрэатаў і ўладальнікаў гранд-прэміі спецфонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі. Апроч матэрыяльнай дапамогі, гэта дае асаблівы прэстыж сярод калег па цэху. І галоўнае - матывацыю для новых перамог. Увогуле спецфонд адзначыў 4 тысячы маладых спецыялістаў. Сёлета пуцёўку на міжнародны агляд талентаў атрымала і студэнтка Беларускай акадэміі музыкі  Ганна Церан. Пра скрыпку, якой пакарыліся Дэльфійскія гульні, Дар'я Тарасава. 

Капрычыа Фрыца Крэйслера забяспечыла Ганне Церан месца ў топе маладых выканаўцаў СНД. На Дэльфійскіх гульнях студэнтка Беларускай акадэміі музыкі загучала ўпершыню. За выканальніцкі глянец ад калегіі міжнароднага журы атрымала цвёрдыя пяцёркі і прывезла дахаты бронзу. Да чэмпіянатнай сістэмы Гульняў падышла з акадэмічнай дакладнасцю, асвоіўшы 7 музычных палотнаў Брамса, Паганіні і Пракоф’ева ўсяго за 2 месяцы. 

Сёння Аня вучыцца на 5 курсе аркестравага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. У біяграфіі 15 міжнародных форумаў. У свае 22 яна ўжо лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. Прарывам для Ані стаў конкурс Брамса ў Гданьску. Разам з фартэпіянным квартэтам узялі трэцюю прэмію. Там жа пазнаёмілася з будучым мужам, дарэчы, таксама музыкантам і лаўрэатам спецфонду. 

Вучобу Аня сумяшчае з працай у Вялікім. Cкрыпачка прайшла конкурс і абышла дзясяткі прэтэндэнтаў на вакантнае месца. Так атрымала стаўку. Зараз кожны дзень Ані распісаны па хвілінах. Раніцай рэпетыцыі ў тэатры, днём заняткі ў кансерваторыі, а вечарам спектаклі. 

Усяго за год у тэатры з пятага пульта групы першых скрыпак Ганна переcела за другі. Сёння яна іграе па левым боку ад дырыжора. А гэта значыць, што выканаўца падае вялікія надзеі, бо чым бліжэй інструмент знаходзіцца да маэстра, тым больш віртуозным прызнаны музыкант. Паступова Аню ўводзяць у рэпертуарныя спектаклі. А гэта 90 балетных і оперных пастановак. Іграе на сямейнай рэліквіі. Інструмент, скрыпка нямецкай вытворчасці, дастаўся ад мамы, выкладчыка музычнай школы. Акампаніраваць Ані на дзяржэкзамене будзе кансерваторскі аркестр. Для Акадэміі музыкі  гэта даволі новая практыка. Такая магчымасць даецца найбольш яркім выканаўцам. За гісторыю акадэміі Ганна трэцяя скрыпачка, якая сыграе экзаменатарам з Вялікім сімфанічным. Канцэрту Чайкоўскага рэ мажор няма калі пыліцца на пюпітры. Ганна ўжо працуе над віртуозным матэрыялам. У планах магістратура.