Брытанскі кампазітар і дырыжор Джон Паўэл - у беларускай сталіцы

19 июня 2018

Аўтар музыкі да фільмаў "Людзі Ікс", "Містэр і місіс Сміт", "Шрэк" упершыню ў Мінску. Брытанскі кампазітар і дырыжор, намінант на прэмію "Оскар" Джон Паўэл прыбыў у беларускую сталіцу для работы над сумесным праектам з Сімфанічным аркестрам і хорам Вялікага тэатра. Тандэм рыхтуе аўтарскую праграму "Галівуд у Гамбургу". У яе ўвойдуць кампазіцыі, якія прынеслі Джону Паўэлу сусветную славу - трэкі да аднаго з эпізодаў сагі "Зорныя войны", а таксама да анімацыйных фільмаў "Рыа", "Ледніковы перыяд" і не толькі. Сёння кампазітар упершыню сустрэўся з беларускімі музыкантамі на рэпетыцыях.

Прэм'ера праграмы "Галівуд у Гамбургу" адбудзецца 24 чэрвеня на найбуйнейшай музычнай пляцоўцы свету - сцэне Эльбскай філармоніі. 82 артысты Сімфанічнага аркестра і хору Вялікага тэатра Беларусі за дзень дадуць адразу два канцэрты. Да гэтай хвіліны ўсе білеты ў залу на больш чым дзве тысячы месцаў прададзеныя.