Брытанскі архітэктар мае намер дапамагчы ў аднаўленні слонімскай сінагогі

26 августа 2018

Сусветная грамадскасць аб'ядналася з мэтай даць новае жыццё беларускаму помніку архітэктуры 17-га стагоддзя. Слонімская сінагога ўвайшла ў праект па аднаўленні іўдзейскіх малітоўных дамоў Еўропы. Не дапусціць далейшага разбурэння шэдэўра дойлідства падахвоціліся мясцовыя гарадскія ўлады, дабрачынныя арганізацыі, гісторыкі, навукоўцы, выхадцы з нашых земляў і проста неабыякавыя.

На тыдні ў Беларусі пабываў валанцёр гэтага праекта Цзывай Со - брытанскі архітэктар родам з Ганконга. Ён, дарэчы, не на жарт захоплены нашай архітэктурнай школай. Па яго праекце ў Лондане збудаваная беларуская грэка-каталіцкая царква. Як замежны эксперт з імем мае намер дапамагчы рэабілітацыі слонімскай сінагогі? Аб духоўнасці, якая не мае межаў, рэпартаж Іны Пілевіч.

Замест сучаснага фотаапарата ён па даўніне фіксуе ўбачанае на паперы. Брытанскі архітэктар родам з Ганконга Цзывай Со падарожнічае па Беларусі з альбомам. Дбайная прамалёўка ліній дапамагае ў дэталях разгледзець і вывучыць аб'ект. У цэнтры ўвагі замежнага дойліда - слонімская сінагога. Найстарэйшы будынак горада і помнік архітэктуры сусветнага значэння пад пагрозай знікнення.

Каб чытаць у арыгінале кнігі аб беларускай архітэктуры, ён нават узяўся за вывучэнне беларускай мовы.

Настолькі замежны дойлід прасякнуўся нашай культурай, дзе перапляліся візантыйскія і еўрапейскія каноны.

Па арыгінальным праекце Цзывая 3 гады таму ў Лондане была збудаваная беларуская грэка-каталіцкая царква. Драўляная пабудова атрымала прэстыжную прэмію Каралеўскага інстытута архітэктараў і ўвайшла ў топ-50 найпрыгажэйшых будынкаў сталіцы Вялікабрытаніі.

Зараз жа на добраахвотным пачатку брытанскі архітэктар працуе над праектам рэстаўрацыі слонімскай сінагогі, пабудаванай у 1642 годзе. Скрупулёзна даследуе літаральна кожную шчылінку. Бо перш чым аднаўляць, трэба вывучыць няпростую гісторыю святыні.

Малітвы тут сціхлі яшчэ ў 1939-м. Гэтым сценам атрымалася выдужаць у Вялікую Айчынную вайну, у той час як яўрэйская суполка падверглася халакосту. У мірны жа час помнік спасціг лёс, бадай, усіх сакральных будынкаў савецкай эпохі. Сінагогу перапрафілявалі.

Пасля развалу Савецкага Саюза будынак і зусім пазбавіўся гаспадара, сітуацыю пагоршылі вандалы - сінагога стала сыпацца, нібы картачны домік. Сёння стан аварыйны, чаму турыстам сюды ўваход забаронены. Аб'ект знаходзіцца на балансе райвыканкама, помнік занесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў краіны.

Нягледзячы на ўсе выпрабаванні, унутры будынкаў захаваліся арыгінальныя элементы інтэр'еру. Да прыкладу, вось з гэтага ўзвышэння ў цэнтры сінагогі рабін чытаў Тору - святую кнігу. Калоны дагэтуль упрыгожваюць унікальныя роспісы.

Сапраўдная духоўнасць не мае межаў - слонімскую сінагогу ў план выратавання ўключыла Еўропа. Праект ініцыяваў Фонд яўрэйскай спадчыны. Эксперты вывучылі святыні, збудаваныя да Другой сусветнай вайны - ад Ірландыі да Расіі. Слонімскі іўдзейскі малітоўны дом - адзін з першых у спісе на аднаўленне. Зараз вядуцца пошукі фундатарскай падтрымкі.

Да кансервацыі помніка барока плануюць прыступіць ужо ў канцы верасня. Усяго ж, паводле папярэдняй ацэнкі, праект аднаўлення зойме не менш як 6 гадоў і абыдзецца ў 6 мільёнаў долараў. Фінансавую падтрымку, у тым ліку, аказвае сям'я Каплінскіх з Вялікабрытаніі - іх продкі былі родам з Слоніма. Ахвяраванні дзеля таго, каб у мінулага была будучыня.