Брэст рыхтуецца адзначыць тысячагоддзе

7 июля 2018

У падрыхтоўчым працэсе ўдзельнічаюць не толькі будаўнікі і архітэктары, але і самі гараджане. Сумеснымі намаганнямі распрацаваны лагатып святочнага горада, праекты па рэстаўрацыі гарадскога парку. Юбілейная дата натхніла і мясцовую школьніцу - Марыя Абрамук стварыла "Легенду пра Брэст" у выглядзе анімацыйнага фільма. Прычым, дэталі і персанажы - у старабеларускай тэхніцы "выцінанка" - выразаны з паперы. Вікторыя Патоня сустрэлася з камандай, якая працавала над незвычайным мультфільмам.

Анімацыя "Легенда пра Брэст" - гэта мара адной дзяўчынкі, Марыі Абрамук. А рэалізаваць ідэю дапамагла цэлая каманда: аднакласнікі, настаўнікі і, канечне, бацькі. Сцэнарый і вершаваны закадравы тэкст - таксама вынік калектыўнай творчасці. Гэта своеасаблівае прызнанне ў любові роднаму гораду. Што такое раскадроўка, мантаж - азы і сакрэты стварэння мультфільма аўтарам праекта прыйшлося асвойваць самастойна. Карцінкі на экране, на думку дзяўчынкі, самы даступны спосаб расказаць легенду пра заснаванне горада на берасце, - Берасця.

Мультфільм створаны ў тэхніцы "выцінанка". Гэта від народна-прыкладной творчасці, калі ўсе дэталі і персанажы ажурна выразаюцца з паперы. Студыю для кадравання мультфільма зрабілі з падручных рэчаў у доме сям’і Абрамук. Тут спатрэбіліся табурэты, скотч, лямпы.

Усе сцэны спачатку здымаліся на фотаапарат, а затым юны рэжысёр манціравала ролік. Агучванне зроблена прафесійна. Маша марыць стаць актрысай, таму дзяўчынка прачытала тэкст з неабходнай інтанацыяй з вялікім задавальненнем.

Каб стварыць ролік на тры хвіліны 45 секунд, аўтарам спатрэбілася больш за тысячу кадраў! Самым складаным этапам у рабоце было ажывіць персанажы, каб яны былі максімальна рэалістычнымі.

Здымкі мультфільма - гэта фінальны этап вялікай даследчай працы. Спачатку Маша вывучыла тэхнікі, і тут дапамагалі дарослыя. На рэалізацыю задумкі спатрэбілася амаль два гады.

Анімацыйны праект можна паглядзець у Інтэрнэце. У планах аўтара - зрабіць для яго субцітры на англійскай мове. Каб гісторыяй старажытнага горада над Бугам зацікавілася яшчэ больш людзей.