Вялікі тэатр адкрывае 87-мы сезон новай версіяй оперы Аляксандра Барадзіна "Князь Ігар"

10 сентября 2019

Да свята горада  Вялікі тэатр Беларусі падрыхтаваў прэм'еру. 87-мы сезон галоўная акадэмічная сцэна адкрывае новай версіяй вядомай оперы Аляксандра Барадзіна "Князь Ігар". У аснове лібрэта кампазітара кніжны помнік Старажытнай Русі - "Слова аб палку Ігаравым". На рэпетыцыі пабывала наш культурны аглядальнік Дар'я Тарасава

Да партытуры Барадзіна Вялікай звяртаецца  шосты раз. Спектакль вяртаецца ў новай рэжысёрскай версіі пасля трох гадоў адсутнасці на сцэне. У цэнтры сюжэта гісторыя князя Ігара, які з-за паспешнага паходу на полаўцаў пазбаўляецца дружыны і трапляе ў палон. Музычную рэдакцыю матэрыялу ў тэатры завяршылі толькі пасля таго, як з Масквы быў дастаўлены клавір оперы ў аўтарскай рэдакцыі Барадзіна. Гледачы ўбачаць новыя сцэны. У тым ліку бунт Галіцкага. 

26 змен карцін і 7 ключавых сцэн. Падчас спектакля будуць мяняцца нават поры года. Для мастака-пастаноўшчыка Вячаслава Окунева гэта пяты "Князь Ігар". Майстар рабіў рэканструкцыю для Марыінскага тэатра. Хаця спектакль - легенда і не перанесены ў сённяшні дзень, у ім выкарыстоўваюцца сучасныя тэхналогіі.  Актыўна задзейнічаны відэа-арт. 

Да прэм'еры ў майстэрнях Вялікага пашылі 420 касцюмаў. Славяне апранутыя ў сарафаны, палатняныя кашулі і баярскія футры. Вобраз Усходу  перадаюць не толькі наложніцы хана ў раскошных халатах, але і аўтэнтычныя дэкарацыі. 

Над эпічным палатном Барадзін працаваў 19 гадоў. Аўтар памёр раней, чым паспеў  напісаць уверцюру,  трэцяе  дзеянне і аркестраваць пралог оперы. Эскіз "Князя Ігара" заканчвалі Рымскі-Корсакаў і Глазуноў. Вялікі тэатр пакажа нявыдадзенае, упершыню прагучаць фрагменты партытур, якія дагэтуль не выконваліся ні на адной сцэне.

Самая масавая карціна "Князя Ігара"  -   "Палавецкія скокі". У гэтай сцэне адначасова ўдзельнічаюць 140 чалавек. 15-хвілінны эпізод, які ілюструе свет Усходу, настолькі папулярны, што выконваецца на розных сцэнах свету як самастойны нумар. У прэм'ерным спектаклі  танцаваць  будзе не толькі балет, але і салісты оперы разам з хорам. 

Да адкрыцця заслоны ў Вялікім захоўваюць інтрыгу, каму дастанецца адна з вядучых партый. У вобраз князя ўжываюцца адразу тры барытоны. Чый голас пачуем падчас сусветнай прэм'еры,  даведаемся 15 верасня.