Вялікі тэатр рыхтуецца да прэм'еры

18 июня 2014
Вялікі тэатр напярэдадні закрыцця сезона рыхтуецца да прэм'еры. Пад кіраўніцтвам вядомага пастаноўшчыка Андрыса Ліепы галоўная балетная трупа Беларусі рэпеціруе новы спектакль. Жар-птушка Стравінскага - поўнае аднаўленне першапачатковай версіі балета Дзягілеўскіх сезонаў. На рэпетыцыі пабывала Наталля Бардзілоўская.

Андрыс Ліепа разам з трупай Вялікага рыхтуюць менавіта тую Жар-птушку, якая на пачатку ХХ стагоддзя выклікала фурор у Еўропе. Спектакль заяўлены як рэканструкцыя - пастаноўшчык узнаўляе жамчужыну Рускіх сезонаў Сяргея Дзягілева ў Парыжы ў харэаграфіі Міхаіла Фокіна. Ідэя адважная, таму што дакументальных сведчанняў пастановак амаль не захавалася.
Ліепа-малодшы літаральна з нуля ўзнаўляе спектакль. Перш чым вынесці балет у працу, прагледзеў сучасныя пастаноўкі Жар-птушкі Ковент-Гардэна, Амерыканскага тэатра балета.
Дарэчы, Мінск ужо бачыў Жар-птушку. Першая пастаноўка балета Валянціна Елізар'ева адбылася ў 1998 годзе. І вось у 2010 у рамках культурнага праекта Фонда імя Марыуса Ліепы Рускія сезоны XXI стагоддзя шэдэўр Стравінскага вярнуўся, адрэстаўраваны Андрысам Ліепам і выкананы Крамлёўскім балетам.
З Жар-птушкі адкрыецца новы сезон Вялікага. Сёння Ліепа працуе з нашай трупай, якую ведае з нядаўніх сумесных пастановак Шахеразады і Тамары (таксама харэаграфія Фокіна). Зараз - новая музычная казка, у якой на галоўную партыю прэтэндуюць больш як пяць беларусак, што гаворыць пра добрую форму нашай трупы: Гайко, Вежнавец, Кудраўцава, Алейнік, Яромкіна і нават і знаёмая нам па танцавальным Еўрабачанні юная Яна Штангей.
Мастакі гэтай балетнай класікі - Аляксандр Галовін і Лявон Бакст, выхадзец з Беларусі. Сёння паводле іх эскізаў у версіі маскоўскага мастака Анатоля Нежнага 95 касцюмаў для беларускай прэм'еры шые майстэрня Вялікага.
І дэкарацыі да спектакля рыхтуюць маштабныя: 8 куліс, чатыры падугі і тры заднікі гіганцкіх памераў. Абжывацца на сцэне ўсё гэта будзе ў верасні. Прэм'еру Жар-птушкі плануюць на пачатак кастрычніка.